Название: Вараціш-гара
Автор: Маргарыта Латышкевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7210-14-5
isbn:
– Ты што гэта тут яшчэ надумаў, ёлупень? – сказала Ільга сярдзіта. – Ты ідзі лепш загародку ў хляве памацай. Выдумшчык!
Да пацалункаў у іх яшчэ неяк не даходзіла, ды і самой Ільзе неяк дзіўнавата і смешна было думаць, што пасля вяселля княжыч і на яе пацалункі, і на многае іншае, пра што шэпчуцца чалядніцы, будзе мець нейкае там сваё права. А зараз, калі на вуснах яна яшчэ адчувала салодкі яблычны прысмак, калі ўсёй сваёй істотай была там, ля прорвы бяспамяцтва, гэта і ўвогуле падавалася лішнім, недарэчным, нават блюзнерскім.
– Проста… мы ж нібыта… ну… – прагаварыў Алізар і ледзь не згарэў з сораму пад ледзяным Ільзіным позіркам.
– Нішто сабе, – глуха выгукнулі аднекуль збоку. Алізар, здрыгануўшыся ад нечаканасці, і сам адступіў, чырванеючы яшчэ гусцей, а побач з габеленам вырас мажны Тамаш Дубыніч, пашчыпваў чорную кучаравую бараду, скаліў з вышыні белыя зубы.
– Хто каго любіць, той таго і чубіць, – весела казаў Дубыніч, звузіўшы шэрыя вочкі. – Вы іншага месца й часу не знайшлі, каб на людзях тут мілавацца?
Алізар, у аднолькавай ступені злосны і прысаромлены, нагадаў дзядзьку – і, мабыць, Ільзе адначасна таксама, – што ў іх зусім хутка вяселле. Дубыніч толькі пахітаў галавой і паўзверх макаўкі сярдзітага пляменніка звярнуўся да Ільгі:
– Пагамонім, дзеўка? Трэба. Дужа.
– Пагамонім, дзядзька, – з кепска прыхаванай радасцю пагадзілася Ільга. І, скінуўшы Алізараў плашч княжычу на рукі, таропка сышла, быццам уцякла, разам з Дубынічам, ці, дакладней сказаць, следам за Дубынічам, бо побач з ім нават Ільга не змагла б прайсці па нешырокім калідоры.
– Ільга, я… – загаварыў быў Алізар. Ды яна не азірнулася – усё яшчэ злавалася.
– Пацерпіш, хлопча, – коратка кінуў Тамаш пляменніку.
З Дубынічам разам Ільга паднялася ў адну з найбольш старых вежаў замка. Ісці давялося па вузкіх вітых усходах, і прыемна было, падымаючыся, весці адной далонню па шурпатай каменнай сцяне. Думалася так: калісьці даўным–даўно сюды прыйшлі людзі, адваявалі зямлю ў верасовых пустак, пабудавалі вежы замкаў і гарадскія сцены, пасеялі жыта. Людзей тых ужо няма, косткі іх змяшаліся з зямлёй, а вежы стаяць, па–ранейшаму гледзячы на верасы на ўзгорках. Ад гэтых думак чамусь было сумна: можа, з той прычыны, што і Ільга павінна, у рэшце рэшт, сысці, і занадта, можа, хутка па мерках вежаў ці адвечных пагоркаў. І будзе гэтаксама шумець жыта, і сівыя ад часу камяні будуць несці сваю варту пад небам, і нехта таксама дакранецца да іх рукою, адчуе бездань часу і здзівіцца, і жахнецца.
На самым версе вежы быў невялікі пакойчык, дзе звычайна ўладкоўваўся сам Дубыніч, калі гасцяваў СКАЧАТЬ