Название: Дыплом на царства
Автор: Аркадзь Ліцьвін
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
isbn: 978-98590-371-7-7
isbn:
Ні на момант не забываўся, што па дарозе толькі што пратэпала войска маскавітаў. Чаму не мела пусціць перад сабою падглядачаў? Маглі выбраць і ліцьвінаў і украінцаў. Розныя трапляліся лазутчыкі і па рознаму ад іх пазбаўляліся…А што з гэтым рабіць?…
Казак зусім па—хлапечаму адмоўна пакруціў галавою.
– Не—а! Я там яшчэ і не быў. З Меншчыны я. Таму ў Менскі курэнь цаляць буду, – пахваліўся як нечым выключным.
Ганец з цяжкасцю стрымаў усмешку. Калі не ўдае і не маніць, то хутчэй за ўсё беглы і казацтва яго скараспелае. Прыбіўся да нейкай сотні, пашкадавалі нябогу, прыгрэлі, а ў сутычцы заблудзіўся ці спалохаўся ды адбіўся.
– Адстаў ад сваіх? – ганец акінуў вымоўным поглядам лахманы казака, даючы зразумець, што мае іншае на думцы.
Хлопец не стаў выдумляць.
– З палону ўцёк, – каротка патлумачыў і дадаў як на апраўданне. – У мяне ж зброі не было, таму і паланілі. Але прабыў там нядоўга.
І ў адно і ў другое, не абавязкова, але можна было паверыць. Хто б ні быў, няхай думае, што яму вераць.
– І здалёк бяжыш?
– Не вельмі. Але па лесе кружляць давялося. Разы два зусім зблудзіў у цемені. Дзе ні кінуся – маскавіты, альбо шышы іхнія.
Хлопец крыху супакоіўся. Цяпло і ежа размарылі агаладалага і ён нібы адтаваў. Можа і бяспечней пачуўся пры ўзброеным, ды яшчэ сваім і нібы зычлівым.
– А маскавіты трымалі пры войску, у фартэцыі. Кухару падсабляць, дровы, вада. Дзякуючы той вадзе і ўцёк, – усміхнуўся ён на свой удалы чын. Варта падахвоціць роспытамі. Чым больш будзе гаварыць, тым лацвей прагаворыцца, калі за ім нешта цёмнае. Тады справа за кордам, бо стрэлу нельга сабе дазволіць.
– І як жа тое?
– Нібы і проста, – адказаў хлапец, але відаць было, што ахвотна ўспамінае сваю хітрасць. – Паехалі са стральцом па ваду. Я раз набраў, два, дзе глыбей. А пасля дно вядром зачапіў і паказваю – вада мутная, нешта там у струмені. Стралец падышоў зірнуць, прыгнуўся. Тут я яму вядро на галаву ды бегма! Пакуль крык, пакуль збегліся, бо і дровы секлі, то я ладна адскочыў.
Ганец ухвальна зірнуў на хлапца.
– Зух з цябе! Мог жа і стрэліць.
– Мог, – пагадзіўся “казак”. – Але я далёка не ўцякаў. На вялізную елку ўзляцеў і да цямна пераседзеў. Нават бачыў, як бегалі ды перакрыкваліся. – Смела разважыў, – пахваліў ганец. – Уцякаючы, ды пры слабых сілах, мог і не адчапіцца ад пагоні.
– Во! – узрадаваўся хлопец. – І я гэтак скеміў. А як сцемнілася, злез ды пашыбаваў гушчарамі абы найдалей. А дарожкамі аглядна прабіраўся. – Як дасведчаны ваяр дзеіў, – прызнаў ганец.
Відаць было, што пахвала сапраўднага ваяра, са зброяй і пры кані, прыйшлася хлопцу даспадобы. Чалавек адзін у лесе, а вокал хутчэй маскавіты, чым свае. Напэўна выведнік.
– Напіцца, то мог знайсці, а вось на зуб узяць… – паскардзіўся “казак”, – толькі ягадзіну якую, шчаўе. Нажа і таго не маю, што там пра агонь казаць.
Ганец СКАЧАТЬ