Название: Акно ў замежжа (зборнік)
Автор: Зоя Доля
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7144-15-0
isbn:
– Мадам, не сказаць, каб вы былі прыгажуня, але ж чартоўскі сімпатычная! – лісліва выдаў ён камплімент Веры.
«Кажуць, што ў нас у транспарце ніхто не знаёміцца. Хлусня. Паглядзіце які спрытны: ірве падмёткі на ляту. Чым гэта я яго прычаравала?» – гадала Вера і абалдзела пазірала на кавалера праз сонечныя акуляры. Не знайшоўшы, што яму адказаць, і ўвогуле не ведаючы як сябе паводзіць., яна паспешліва адвярнулася і ўторкнулася поглядам у акно, быццам нічога цікавейшага ў жыцці, чым газуючыя па вуліцы машыны, не бачыла. Уладальнік усмешкі без двух зубоў дэманстратыўна прыстроіўся побач з Верай і сачыў за ёй. Яна адчувала яго пякучы пагляд.
Ва Уруччы на прыпынку Вера хутка шмарганула з аўтобуса. Кавалер выскачыў услед. Вера паскорыла хаду. Сухарлявы шырокімі крокамі на раз-два дагнаў яе.
– Мадам, а скажыце, вы вучыцеся ці працуеце?
– Я працую, – адказала Вера, стараючыся быць ветлівай і стрыманай.
– Цудоўна, мадам. Выходзіць, свае ўніверсітэты вы ўжо скончылі. І я… я таксама скончыў свае ўніверсітэты.
– Вы таксама скончылі ўніверсітэт? А дзе вы вучыліся? Вера рабіла выгляд, што насамрэч думае, быццам у яе спадарожніка вышэйшая адукацыя. Кавалер з распіснымі рукамі шматзначна і гулліва прамовіў:
– Ха-ха. Мой універсітэт знаходзіўся не ў Мінску. Вы, мадам, тыя мясціны не ведаеце… – і цэпкім апаслівым паглядам, агледзеўшыся навокал, дадаў: – А мог быць і ў Мінску.
«Мабыць, на “Валадарцы”», – ледзь не ляпнула Вера ўслых, прыгадаўшы, што чула такую назву мінскай турмы на вуліцы Валадарскага. Калі глядзець ад тэатра рускай драматургіі – там Вера была на спектаклі – то на другім баку вуліцы за высокай мураванай агароджай з калючым дротам паверху добра праглядаюцца вежы тых «універсітэтаў». Сабраўшыся з думкамі, сказала першае, што раптоўна прыйшло ў галаву:
– «Мы все учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь»… Здаецца, так казаў паэт?
Адчувала яна сябе не вельмі, таемна аблізвала з вуснаў чырвоную памаду, каб страціць чартоўскую сімпатычнасць.
– Мадам, вы не толькі чартоўскі сімпатычная, а яшчэ і чартоўскі разумная.
Кавалер не збіраўся пакідаць Веру ў адзіноце. Ён ішоў з ёй нага ў нагу, пругкай прытанцоўваючай хадой. Не хапала хіба што песні: «Не жди меня, мама, хорошего сына. Твой сын не такой, как был вчера. Меня засосала опасная трясина, и жизнь моя вечная игра».
«Чорт, прыляпіўся ж… Як ад яго адчапіцца?» – думала Вера.
– Ой! Мне ж у краму трэба! – радасна ўскрыкнула яна, убачыўшы шыльду з надпісам «Універсам». СКАЧАТЬ