Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Леанід Дайнека
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Чалавек з брыльянтавым сэрцам - Леанід Дайнека страница 8

СКАЧАТЬ ляцеў над залітым сонцам юным лугам. Ён быў пчала меданосная, Apis mellifera. Ягоныя крылатыя продкі асвоілі планету значна раней, чым на ёй з'явіўся чалавек. За два кіламетры ад гэтага луга, ад гэтых яркіх кветак (кветкі – усмешкі прыроды!) у яблыневым садзе стаяў новенькі рамачны вулей, ягоны Дом, дзе жыло, гуло, звінела, дзумкала ажно семдзесят тысяч аднародцаў, моцная працавітая пчаліная сям'я. Кожная шчыліна, кожная дзірачка ў тым вуллі старанна прамазана пропалісам, пчаліным клеем. Каб здабыць яго, разам з усімі ён (яна! пчала!) да змогі пераціраў сківіцамі пупышкі розных раслін, драўніну. Працавалі так энергічна, усіх было такое мноства, што ў вуллі павышалася тэмпература, і, каб збіць яе, спецыяльныя пчолы-вентылятары бесперапынна махалі крылцамі, ствараючы лёгкі ветрык. Сёння ж з раніцы скварыла сонца, была страшэнная задуха, і нават ён на нейкі час рабіўся вентылятарам – вылазіў дзеля гэтага на дошчачку перад лятком.

      Ён ляцеў над яркай летняй зямлёй, баючыся птушак і хімікатаў. А яшчэ непакоіла тое, што тут, у гэтых мясцінах, маглі напаткацца «пчаліныя ваўкі», бязлітасныя жоўта-шэрыя восы. Яны селяцца вакол пчальнікоў, беручы іх у аблогу, і забіваюць пчол ударам джала ў мозг, забіваюць з першага ўдару. Потым сціскаюць сківіцамі брушка і грудзі сваіх ахвяр, прагна злізваючы кропелькі мёду, што выступаюць у тых з роту.

      Мора кветак ззяла пад ім, і ён ведаў, што кожная з гэтых прыгажунь страсна чакала яго. Такія сарамліва-цнатлівыя, такія загадкавыя, абсыпаныя расой, быццам дарагімі брыльянтамі, такія, здавалася, непадступныя, яны млелі ад радасці пры з'яўленні пчалы, даверліва ўпускаючы ў свае мармуровыя або залатыя церамкі, у сваю патаемнасць. Яму патрэбны былі іхнія салодкія пылок і нектар, ім – ягоныя хабаток, лапкі, усё цела, вёрткае, моцнае, здольнае прашчаміцца ў драбнейшую шчылінку, а потым перанесці пылок на песцік іншай кветкі, што расце, шуміць зусім побач або на другім канцы бязмежнага лугу. Кветкі кахаліся адна з адной пры дапамозе пчалы.

      Ён вельмі востра, да гарачага звону ў крыві, разумеў жыццё, няспынную вечную змену хваль-пакаленняў кветак, пчол, стракоз, людзей… Усё хацела жыць, расці, налівацца цішынёй і громам, агнём і холадам, рухацца ўдаль і ўшыркі, у глыбіню сябе і за воблакі… Усё прагнула цвіцення і абнаўлення, пацалункаў і слёз. Нават нямая смерць была жыццём, бо рабілася падмуркам, апірышчам нейчаму маладому захліпістаму карэнню. Доктар Метэор быў, вядома, найвялікшым са смертных, падараваўшы чалавецтву сваю Тэорыю і Практыку Пераўтварэнняў. Толькі пабыўшы ў чужой скуры, лусцы, шэрсці, ракавіне, толькі пабегаўшы, палётаўшы, папоўзаўшы, адчуўшы страх і знямогу, можаш наблізіцца (хоць часткова) да разумення агульнасці ўсяго жывога. Няважна, зразумелае яно ці незразумелае, прыгожае ці непрыгожае, ціхмянае ці агрэсіўнае. Яно – жывое, а значыць, неабходнае таму свету, у які, нібы зрэнка ў вока, заключана тваё жыццё.

      Ён лётаў над кветкамі, садзіўся на іх, збіраў пылок і нектар, адносіў здабычу ў вулей, зноў СКАЧАТЬ