СКАЧАТЬ
Гай пасадзіў яго сабе на плечы, пайшоў наўздагад па лесе. Дзіцячыя тонкія, такія безабаронныя ножкі білі яму па грудзях, калі часам ён спатыкаўся на нябачных у цемры каранях. Ён мацней трымаў, прыціскаў сына і штохвілінна казаў яму: «Твар беражы, вочы. Нахіліся да мяне, каб галіны не ўдарылі па вачах». Даволі хутка знайшлі яны сцежку, выйшлі на дарогу, але тое лясное змушанае вандраванне назаўсёды засталося ў памяці, аб'яднала іх духоўна. Яны, дарослы і хлапчук, уласнай скураю адчулі дыханне далёкіх стагоддзяў і тысячагоддзяў, калі чалавек быў вельмі залежны ад прыроды, быў яе беднай часцінкай, быў кропляю ліўня і сняжыякай завірухі, калі вецер бязлітасна шкуматаў яму валасы, сек вочы, раздзіраў сцятыя вусны. «Зямлёй Славяніяй» назваў Клён той няўтульны лес і тыя няпростыя адчуванні. Назва, трэба прызнацца, была вельмі трапная. Як гісторыкі (сын – будучы гісторык) яны найбольш цікавіліся першаславянамі, таямшчым, магутным і, на жаль, безгалосым акіянам-лесам, які шумеў калісьці ад Адрыятыкі і Пелапанеса да Белага мора і Ўрала. Праславянскае жыццё, як восеньскі лес, амаль не пакінула пасля сябе яркіх фарбаў, жывой лістоты. А яно ж было! Дубровіч-старэйшы праславіўся тым, што стаў адным з членаў ініцыятыўнай групы, якая выпрацавала і рэалізавала ідэю Вялікай Кампенсацыі. Яны дамагліся, каб славянам (дакладней, толькі ўсходнім славянам) былі выплачаны трыста мільярдаў кантрыбуцыі ў індаэўрапейскіх доларах. За што? За тое, што ў свой час найбольш актыўныя і рухомыя з індаэўрапейскіх плямёнаў, напрыклад, галы, франкі, выцеснілі продкаў славян на самы край гістарычнай Айкумены, адрэзаўшы іх такім чынам ад культуры, ад святла Рымскай імперыі. Вечны Рым, як багаты стол, вабіў да сябе ўсіх варвараў, але славянам не пашанцавала сесці за той стол, іх проста не пусцілі больш удачлівыя народы. А багацце ж, і духоўнае, і матэрыяльнае, было агульнае, бо сам Рым, калыску розуму і прагрэсу, змайстравалі індаэўрапейцы, сярод якіх былі і продкі славян.
Успомніўшы, падумаўшы пра ўсё гэта, Гай Дубровіч паглядзеў на сына, шырока ўсміхнуўся і сказаў: – Вітаем цябе, Зямля Славянія.
І пакланіўся ў пояс ліпам, дубам, двухпавярховаму каменна-драўлянаму будынку, усяму Чорнаму Хутару.
Іх сустрэў робат-вартаўнік па імені Дулеб. Радуючыся гаспадарам, ён узняў у прывітанні доўгую жалезную руку, сціснутую ў кулак. З кулака вылецела зялёная ракета.
– Усё спакойна, Дулеб? – спытаў Клён. Робат зірнуў на падлетка, зірнуў, падалося, з вясёлай хітрынкаю, але ў першую чаргу робат-вартаўнік абавязаны размаўляць з дарослымі, паўнапраўнымі грамадзянамі Індаэўрапейскай Канфедэрацыі. І таму ён сказаў, павярнуўшыся да Гая:
– У электроннай сетцы два разы падала напружанне. На другім паверсе, у кабінеце, у тры гадзіны ночы рыпеў паркет.
– Ці не хочаш ты сказаць, Дулеб, што там хадзіў прывід? – іранічна перапыніў яго Клён.
Робат строга паглядзеў на падлетка, потым павярнуўся да старэйшага па ўзросце, размерана прамовіў:
– Паркет рыпеў. Тады ж, роўна ў тры гадзіны ночы
СКАЧАТЬ