Название: Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Автор: Леанід Дайнека
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Детская фантастика
Серия: Кніжная паліца школьніка
isbn: 821-161-3933-12-9
isbn:
– На дзвярах хатняй бібліятэкі, у якой у глыбокім одуме і разгубленасці гартаў «Усеагульную Гісторыю Чалавецтва» Гай Дубровіч, раптам успыхнуў ярка-жоўты кружок – нехта прасіў дазволу ўвайсці.
– Уваходзьце, – сказаў Дубровіч.
І адразу на дзвярах загарэўся кружок зялёнага колеру.
У бібліятэку рашуча ўвайшла ягоная жонка Бярозка Дубровіч, прыгожая, смуглявая. Учора, як помніцца, яна была ў адзенні ангельскай лэдзі віктарыянскай эпохі, сёння ж перад Дубровічам стаяла антычная афінянка – у белай падоўжанай туніцы, з бліскучым, ці не срэбным, вяночкам на чорных валасах.
– Які ў цябе крывяны ціск і што ты бачыў у апошнім сне, Адзіны? – прывітала яна мужа, пяшчотна пацалаваўшы яго ў скроню.
Вялікая Эра Плюралізму (або ВЭП, як любілі гаварыць сябры Гая Дубровіча – маладыя энергічныя фізікі) зрабіла адносіны паміж мужчынам і жанчынай больш гнуткімі, болып рухомымі і нестандартнымі. Той, хто хацеў, меў адну жонку і адпаведна аднаго мужа. Такіх сем'яў (прынамсі, у Індаэўрапейскай Канфедэрацыі) была большасць. Але меліся і так званыя пашыраныя сем'і, дзе разам, у шчасці і ў поўнай згодзе, жылі тры мужчыны і тры жанчыны. Мужы і жонкі ў пашыраных сем'ях звярталіся адно да аднаго са словамі: «Каханая», «Каханы». Гай Дубровіч і Бярозка Дубровіч былі адналюбамі, вось чаму Бярозка сказала, пяшчотна і мілагучна: «Адзіны».
Гай пацалаваў жонку. Яна ўважліва паглядзела на яго, пацёрлася шчакой аб ягоны плячук, потым твар спахмурнеў.
– Ведаеш, Гай, не вельмі добрыя навіны…
– Зноў нехта бачыў мяне ў ідыёцкім сне? – не даў ёй дагаварыць Гай.
– Так. Тэлефанавала Вера Хрысцінюк… Голас у Бярозкі быў нясмелы, прыдаўлены.
– І што ж?
– Казала, што прыснілася ёй ядзерная катастрофа. Казала, што ўсе мы паспелі забегчы ў сховішча, нават таўстун Каласоўскі, а ты чамусьці не ўскочыў за бранірованыя дзверы. Не змог. І разам з табой там, пад ядзерным выбухам, застаўся ксёндз Баляслаў.
– Ксёндз? – здзівіўся Дубровіч.
– Але. Ксяндза цяжка параніла. Нейкая цяжкая стальная бэлька ўпала на грудзі. Ён сваёй крывёю намаляваў на зямлі крыж, пацалаваў яго і памёр. А ты… Вера Хрысцінюк бачыла, як ты стаў на калені, горка плакаў і прасіў, каб цябе ўпусцілі ў бамбасховішча. Ды ніхто не адчыніў дзверы. А ты ўсё стаяў на каленях і прасіў, прасіў…
– Перастань, – рэзка сказаў Гай Дубровіч. – Ты ж бачыш, што мне непрыемна слухаць.
– Прабач, Адзіны, – пачырванела Бярозка. – Я не хацела… Але ж такі сон… Прашу цябе – будзь асцярожны… Пастарайся гэтымі днямі нікуды не выходзіць з дому, пасядзі над сваімі рукапісамі, пагуляй з Чарлі ў шахматы…
Чарлі СКАЧАТЬ