Толькі не гавары маёй маме… (зборнік). Адам Глобус
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Толькі не гавары маёй маме… (зборнік) - Адам Глобус страница 8

СКАЧАТЬ Мне нават падабаўся пах сухое кастрычнiцкае лiстоты, якi сыходзiў з-пад праса, калi я павольна сунуў яго па шаўкавiстым, добра намочаным чырвона-памаранчавым трохкутнiку. Далiбог. А ў важатай, якая сказала, каб iшоў адпачываць, замест хрусткiх ражкоў целяпалiся над высокiмi грудзямi вялыя матузкi.

      Пакуль я шукаў свой 311-ты пакой, дык быў цалкам упэўнены – там поўна неграў i кiтайцаў. Я ж не ведаў, што мiжнародная змена з мурынамi, iндыйцамi ды iндзейцамi бывае толькi раз на год у лiпенi. І ўявi сабе маё здзiўленне, калi, цiхенька адчынiўшы дзверы, я пабачыў самотнага, цалкам белага (нават бровы ў яго былi светлыя) хлопца, якi сядзеў у позе пакрыўджанага воiна на адным з пятнаццацi ложкаў каля акна.

      Белагаловы, кучаравы хлопец быў Вiця з Вiцебска. І трэба ж было ехаць у няблiзкi свет, каб пазнаёмiцца з вiцебскiм Вiцем?! З тым самым Вiцем, што меў крэпкiя вузлаватыя локцi i каленi, з тым, з якiм я моцна пабiўся з-за палiчкi ў тумбачцы. Пасля знаёмства мы адразу ж падзялiлi тумбачку: у мяне нiжняя палiчка, а ў яго верхняя. І розная драбяза накшталт зубной шчотачкi ды паштовак увесь час падала з Вiцевай палiцы на маю. А я такога не любiў нiколi. Маё – гэта маё, мне чужога не трэба, але за сваё я i галаву адарваць, фiгуральна кажучы, магу. Зразумела, я папярэджваў, што, калi яшчэ раз ягоныя брудныя i смярдзючыя рэчы апынуцца на маёй чыстай палiцы, павыкiдаю iх у акно. А акно ў пакоi было проста гiганцкае, не акно, а цэлая шкляная рассоўная сцяна, за якою разгортваўся экзатычны марскi краявiд. Сапраўднае неба, сапраўдныя горы i скалы, сапраўдныя кедры, а не фоташпалеры. І не пацэлiць у такое шырокае акно я не мог, ружовая Вiцева мыльнiца паляцела ў бок хiсткiх смарагдавых кiпарысавых вершалiн.

      Гаспадар выкiнутае мыльнiцы спачатку смяяў-ся, як i ўсе прысутныя ў пакоi, а потым, зразумеў-шы, што рагочуць не з мяне, а з яго, зусiм збялеў, а ягоныя балотныя вочкi пазелянелi, як вiцебскiя азёры ў жнiўнi. Ударыў першы ён… Вiця ўдарыў мяне першы, i ўдарыў нагою па маёй назе, калi я бег па акуратна засланых ложках. Можаш сабе ўявiць, як мне давялося грымнуцца на дубовы паркет, як абадралася i пабiлася сцягно, месяц не сыходзiлi сiнякi. Ты ж ведаеш, у мяне вельмi белая i далiкатная скура, пальцам ткнi, i расцячэцца лiловая плямiна. І яшчэ была адна праблема са скураю: я вельмi кепска загараю. Калi выязджаў з Артэка, дык быў самы незагарэлы, а на руках i нагах вёз найбольшую колькасць сiнякоў i драпiнаў. Знарок лiчылi: 43 сiнякi i 18 драпiнаў. Толькi ад падзення на дубовы паркет да развiтання з лагерам Горны было яшчэ далёка.

      Побач на падлозе мiж ложкамi расцягнуўся i Вiця, бо ўдарыць ён ударыў, а раўнавагу згубiў. Я павалiўся першы, але i ўскочыў першы, каб адразу ж упасцi на Вiцькавы грудзi, ашчаперыць ягоную шыю i душыць. Ён выкручваўся з-пад мяне, як чарвяк з-пад курынае лапы. Ды дзе там… Я раскiрэчыўся, як яловы корч, i цiснуў Вiцю, колькi хапала вагi i моцы. Ён ужо намерыўся здавацца, ён сам пазней прызнаўся, што хацеў папрасiць маёй лiтасцi, але не паспеў, я выпусцiў яго. Сапраўды. Давялося ўскочыць i вызверыцца на аднаатрадаўцаў, якiя, назiраючы бойку, пачалi крычаць: «Беларусы б’юцца! Беларусы б’юцца!..» Праз iмгненне поплеч са мною, супраць усяго атрада, СКАЧАТЬ