Название: Толькі не гавары маёй маме… (зборнік)
Автор: Адам Глобус
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Эротика, Секс
Серия: Я кнігу маю
isbn: 978-985-562-013-7
isbn:
Толькi вось аднойчы на кнiжнай вокладцы я прачытаў прозвiшча аднаатрадаўца – Абашаў. Я пацiкавiўся, дзе выдавалася кнiга… Уфа. Так што цалкам можа быць, што зборнiчак фантастычных апавяданняў выдаў Юра Абашаў з Башкортастана, а тады Башкiрыi. Юра, якi клаўся спаць у шкарпэтках, а праз гэта i патрапiў ў малапрыемную сiтуацыю. Зрэшты, у сiтуацыю патрапiў не толькi Абашаў з Башкортастана…
Пасля абеду па артэкаўскай завядзёнцы трэба было гадзiну адпачываць i, абавязкова распрануўшыся, ляжаць у ложку пад прасцiною. Можна, хто пажадае, – i пад коўдраю, але – Крым, жнiвень, гарачыня 30° у ценi. Так што пад прасцiною лацвей. Папалуднаваўшы, лагернiкi залеглi. У пакой зайшла важатая Галiна з Ноўгарада з сваiм загарэлым жалудовым тварам, над якiм пагойдваўся выбелены чубок. Галiна загадала ўсiм устаць. Загады ў лагеры не абмяркоўвалiся. Устаць! – значыць, уставай i не думай. І я не думаў, стаяў i глядзеў на сваiх супакойнiкаў у форменных трусах. На ўсiх былi адно чорныя, крыху злiнялыя трусы. А на Абашаву былi яшчэ акуляры з бруднавата-зялёнай аправаю, гадзiннiк на скураным парэпаным раменьчыку i чорна-сiнiя шкарпэткi з рамбiчным малюнкам. «Ты чаму не распрануўся?» – наглядчыца Галiна насунулася на башкiра. «Я распрануўся», – вочы ўфiмца спалохана залыпалi ў акулярных лiнзах. «Ты чаму шкарпэткi не зняў?» Паўза пасля «чаму» была такая глыбокая, што з яе выразна вызiрнула слова «скацiна». «А ў нас усе так спяць». «Дзе гэта ў вас? Можа, у Амерыцы? Дык вось, у нас у СССР i ў прыватнасцi ў Артэку савецкiя людзi кладуцца ў ложак без шкарпэтак! Зняць! Хутка!» – доўгi, як у Адольфа Гiтлера, чубок узляцеў над ускiнутым тварам. Цiкава, цi бачыла Галiна з Ноўгарада амерыканскiя фiльмы, у якiх жыхары ЗША кладуцца ў ложак, не зняўшы шкарпэтак? I, вядома, не яе справа параўноўваць жыццё дзвюх iмперый зрозным грамадска-палiтычным ладам. Яе абавязак быў больш просты: выконваць самой i прымушаць астатнiх выконваць правiлы артэкаўскага жыцця. А розных завядзёнак у лагеры было больш чым дастаткова…
Усе лагернiкi павiнны былi хадзiць «у нагу», я не ведаю, як хто, цi як палонныя, цi як салдаты, карацей, толькi «ў нагу». І не важна, iдуць двое, трое, чацвёра цi сто чатыры, усе абавязкова крочаць толькi «ў нагу». Мусiць год, калi не болей, пасля вяртання да цывiльнага жыцця, я з усiмi хадзiў толькi па-лагернаму. Нават з жанчынамi, дзяўчатамi, бацькамi – толькi па-артэкаўску. І нiяк не мог адвучыцца. Ідзеш-iдзеш з чалавекам, зiрк унiз, пераступiш з падскокам i заспакоiшся, i палёгку нейкую адчуеш, бо ўжо ў ненармальнасцi хаджэння «ў нагу» бачыцца нармальнасць, патрэбнасць i неабходнасць.
СКАЧАТЬ