Название: Брамнік заўжды самотны (зборнік)
Автор: Юры Станкевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7021-25-3
isbn:
Максім круціўся вужом, адбіваючыся ад звярэючых з кожнай хвілінай нападнікаў. У пэўнай ступені яго ратавала тое, што яны былі ўжо на добрым падпітку і таму перашкаджалі адзін аднаму.
– Заб’ю! – зароў між тым доўгавалосы, кінуўся да свайго століка, ухапіў пустую бутэльку, разбіў аб край і, утрымліваючы за рыльца так званую “ружачку”, марудна пайшоў назад, да яго.
– Сцеражыся, Максім! – пачуў ён усхваляваны крык Юлі.
– А як адзін на адзін? Слабо? – гучна спытаў ён доўгавалосага.
Адразу ўсе спыніліся. Чакалі.
– Тым горш табе! – рынуў на яго той.
Максім паспеў адскочыць у бок, падхапіў з падлогі крэсла і з размаху абрынуў на галаву доўгавалосага. Той пахіснуўся, рука з разбітай бутэлькай апусцілася, марудна асеў на падлогу.
Праз некалькі хвілін бойку спынілі міліцыянты.
Гарадскі аддзел быў амаль побач. Апыталі афіцыянтку. Усіх удзельнікаў адвялі ў пастарунак.
П’яных задзірак зачынілі ў “малпачнік”, а Юлю з Максімам, як непаўнагадовых, праз нейкі час адпусцілі дамоў.
Максім правёў дзяўчыну да пад’езда, хацеў адразу пайсці да цёткі, але Юля павяла яго з сабой.
– Што здарылася? – убачыўшы Максімаў твар з набухлым вокам, устрывожана запыталася Юліна маці. Выйшаў са свайго пакойчыка і Кірыл.
– Няслаба падмаладзілі, – адно пракаментаваў ён.
Максіму зрабілі халодны кампрэс. Ён пасядзеў крыху і хутка развітаўся.
Начаваць ён пайшоў да цёткі. Пабачыўшы яго твар, цётка Люба ахнула і замітусілася: прапанавала нейкія лекі, знайшла і прыклала да вока бадзягу, каб хутчэй сышла гематома.
– А галава не баліць? Можа, да лекара варта звярнуцца?
Максім, як мог, супакоіў жанчыну. Давялося і коратка расказаць ёй пра тое, што з ім здарылася.
– Ну, няхай, – урэшце згадзілася тая. – Такая ўжо ваша мужчынская доля: бараніць свой дом, жанчыну, сям’ю.
Раніцай Максім сабраўся, пацалаваў цётку Любу і заспяшаўся на аўтавакзал.
Праз тыдзень ён ўжо ўладкаваўся на новым месцы, у інтэрнаце спартыўнага профілю. Пачалося новае жыццё. Многае ў ім яму спадабалася: цікавыя, прафесійныя трэніроўкі, непахісны распарадак дня, зусім па-іншаму, больш цікава і мэтаскіравана праходзілі і заняткі ў школе.
Усё радзей і радзей даводзілася сустракацца з Юляй. На гэта ён звычайна скарыстоўваў напоўніцу адзіны выхадны дзень. Аднойчы дзяўчына сама прыехала да яго. Максім паказаў ёй інтэрнат, месца, дзе жыў, стадыён. На развітанне Юля моцна пацалавала яго і адразу заспяшалася ў аўтобус.
Неасэнсаваная трывога і сум пасяліліся ў Максімавай душы. І зноў усё часцей яго ахоплівала пачуццё адзіноты. Прадчуваў, што наперадзе чакаюць вялікія, але пакуль яшчэ не зусім для яго акрэсленыя змены.