Брамнік заўжды самотны (зборнік). Юры Станкевіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Брамнік заўжды самотны (зборнік) - Юры Станкевіч страница 3

СКАЧАТЬ у левы верхні вугал варот. І цела яго па загадзе нервовых клетак, якія імгненна аддалі каманду мышцам, ірванулася ў той самы левы верхні, туды, у “дзявятку”.

      У скачку ён адчуў, як пальцы рукі ў пальчатцы сутыкнуліся з мячом, і той пайшоў уверх, за перакладзіну, на вуглавы.

      Сэйв!

      Стадыён расчаравана зашумеў.

      II

      Пяццю гадамі раней

      Спякотным летнім вечарам – а ў наваколлі стаяла ўстойлівая гарачыня – у кватэры дырэктара і адначасова трэнера абласной дзіцячай футбольнай школы Міхаіла Катовіча прагучаў званок. Катовіч зняў слухаўку. Званіў дзіцячы трэнер з раённай спартшколы, яго даўні знаёмы Пётр Сманцар.

      – Міхась! – сказаў ён пасля некалькіх дзяжурных фраз. – Я знайшоў у пасёлку Лаўніца – гэта тэрыторыя нашага раёна – цікавага хлопчыка. Яму трынаццаць год, і ён гуляе ў незвычайны футбол. Табе варта залічыць яго да сябе – не пашкадуеш.

      – Што ж у ім такога незвычайнага, Пётра?

      – Гэта – будучы варатар ад Бога. Я выпадкова паглядзеў адну мясцовую дзіцячую гульню.

      Ён адзін варты ўсёй каманды. Заўтра ў іх фінал на мясцовай “паляне”. Ты б даслаў каго са сваіх скаўтаў.

      – Не магу. Сам ведаеш – час адпачынкаў. Схадзі, калі здолеш. За мной, як кажуць, не прападзе.

      – Атлусцеў ты там у вобласці. Ведаеш жа, што і я – у адпачынку, і футбол – не мой профіль. Бывай!

      І трэнер Пётр Сманцар раздражнёна кінуў слухаўку на рычаг.

      Але назаўтра, калі крыху астыў, ён, быццам нехта штурхаў, усё-такі пайшоў на Лаўніцкі мясцовы стадыёнчык, занядбаны і неўпарадкаваны, дзе пачыналася ўжо традыцыйная летняя фінальная гульня дзіцячых каманд. Гульня амаль без заўзятараў праходзіла спачатку даволі вяла. Варатар Максім Гудаў, які і быў мэтай яго інтарэсу, высокі, гнуткі хлопец, узяў пару мячоў, адзін з якіх, на думку трэнера Сманцара, быў стоадсоткава галявы, потым засумаваў, але неўзабаве стаў выяўляць сваю незвычайную актыўнасць: камандаваў абаронцамі, гнаў іх наперад, выбягаў з варот далёка за штрафную і, урэшце, выканаў пенальці – сам забіў гол.

* * *

      Трэнер Сманцар, між тым, вырашыў давесці сваю добраахвотную місію да канца, вылавіў пасля гульні хлопчыка, прадставіўся і прапанаваў:

      – Не супраць, калі я пагавару з тваімі бацькамі?

      Пара табе, братка, рэалізавацца ў жыцці.

      Высокі, пад сто восемдзесят – вызначыў Пётр Сманцар – хлопчык зацікаўлена агледзеў незнаёмага дзядзьку шэрымі вачыма, нерашуча правёў далонню па коратка стрыжанай светлавалосай галаве.

      – Навошта? І пры чым тут бацькі?

      – Табе варта пачаць ездзіць на трэніроўкі ў абласную футбольную школу. Упэўнены – цябе залічаць.

      – Праўда? – вочы хлопчыка ўспыхнулі радасцю.

      – Зуб стаўлю, – пажартаваў трэнер Пётр Сманцар. – Там у мяне сябра дырэктарам – Міхась Катовіч. СКАЧАТЬ