Название: Сланы Ганібала (зборнік)
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная публицистика
isbn: 978-985-6701-79-1
isbn:
На магіле ты ўбачыш стандартную цэмэнтаваную пірамідку зь пяціканцоваю зоркай, якая, напэўна, значыць, што – каб не сухоты – Багдановіч атрымаў бы бальшавіцкую кулю ў патыліцу адзін зь першых. Ты заўважыш, што нейкі мастак паспрабаваў замаскаваць зорку намаляванай зьверху валошкай, а таксама ўбачыш бел-чырвона-белую харугвачку, дзюбаты алюміневы імбрычак са збуцьвелымі кветкамі ды яшчэ чатыры валошкі – капронавыя.
Казаць пра астатняе табе будзе няёмка. Магчыма, ты прачытаеш сам сабе «Пагоню», магчыма, пагаворыш зь ім і нешта дакляруеш – яму й сабе…
Пасьля ты памяняеш ваду ў імбрычку, напішаш пад слупком датаў на харугвачцы сваю й пойдзеш, разы тры азірнуўшыся на адвітаньне, сьцежкаю да брамы – з думкай, што Максіму добра ляжаць тут, над морам, у засені старога кіпарысу, у краіне сьветлай, дзе суха, цёпла й не чуваць узьнёслых прамоваў міністраў, намесьнікаў і загадчыкаў нашае культуры: «Удзячные нашчядкі сабралісь, штоб адзначыць…»
Жыцьцё ў творчым доме будзе каціцца сваёй каляінаю. Перакладчык Ашот будзе круціцца вакол гнуткай ташкенцкай жыдовачкі Розы. На ганку сталоўкі будуць лайдакавата даядаць літфондаўскія секунцы дзясятка паўтара катоў. Ад творчага перанапружаньня паваліцца на газон паўночна-асэтынскі драматург. А з-за Максімавай гары выпаўзе булгакаўская хмара з бліскавіцамі («Дзесь у хмарах жывуць павукі, што снуюць павучыну дажджа…») і зьнячэўку ўпадзе на горад смужыстаю непрагляднай залевай, каб праз гадзіну пакінуць па сабе неверагодна празрыстую ноч, празь якую далёкія агні на схілах будуць зьзяць, быццам калядныя зоркі.
Ноч будзе поўная паўдзённых пахаў, юрлівага ёкату літфондаўскіх катоў і дзіўных гукаў зь ніжняга гаўбца («Жыцьцё чуваць з усіх старон, жыцьцём напоўнены ўвесь змрок…»), зірнуўшы куды, ты міжволі ўбачыш, як перакладчык Ашот і жыдовачка Роза стоячы ўтрапёна любяцца.
У гэтую ноч ты будзеш пачувацца ў згодзе з усім сьветам: з катбмі, з армянскім калегам, з Розай, якой ты гатовы будзеш прысудзіць званьне ня толькі «міс Дом творчасьці», але і «міс СССР»… У гэтую ноч ты дасі веры, што недзе сапраўды ёсьць Беларусь, дзе жывуць беларусы. Ты будзеш пэўны, што з такой самай думкай ляжаў на Божай пасьцелі Максім Багдановіч. Таму што ён прыехаў сюды, каб у свае астатнія дні мець не адно сонца ды сінюю бухту, а найперш – Беларусь.
Бо яна ў параўнаньні зь любой іншай краінаю мае адну асаблівасьць: існаваць толькі тады, калі ты ад яе ад’едзеш, калі будзеш хадзіць сярод чужаніцаў, пакуль табе нарэшце ня здасца, што і ў вас усё, як у людзей.
Твая Беларусь праіснуе, пакуль ты ня выйдзеш з самалёта.
У СКАЧАТЬ