Название: Сланы Ганібала (зборнік)
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная публицистика
isbn: 978-985-6701-79-1
isbn:
Пад пальмамі будуць стаяць плеценыя столікі з гумовай садавінаю й парожнімі пляшкамі з-пад трункаў, якія п’юць у сваіх краінах замежныя грамадзяне. За дзесяць рублёў ты зможаш пасядзець за тым столікам і атрымаць каляровую фотку, але ты лепей вып’еш за гэтыя грошы дзьве шклянкі херасу ў татарскай кавярні («Ў чарцы цёмнай і глыбокай, плешча, пеніцца віно…») і пасунесься далей – паўз фатографа з плюшавым Гарбачовым, паўз фатографа з малпаю, якая з зусім чалавечаю радасьцю задарма паказвае кожнаму мінаку вогненна-чырвоную сраку, паўз фатографа з трохмэтровым смарагдавым пітонам, які нечым няўлоўным нагадвае аднаго з кіраўнікоў роднага творчага Саюзу, паўз карункавы ад пены прыбой, што выносіць на бераг дарункі мора ў выглядзе шкарпэтак і скарыстанага прэзэрватыва («Ў іх русалкі заблуталі косы, – рвуць і блутаюць срэбныя ніці…»), паўз мастакоў, што малююць партрэты з натуры, паўз мастачку, якой ты б з прыемнасьцю папазіраваў, але толькі ў больш зацішным месцы, паўз гітарыстаў, скрыпачоў і джазістаў, гледзячы на якіх узгадваеш раньняга Алега Мінкіна:
Бродячий музыкант, он дело знает:
Футляр раскрыл, и – шляпу на цемент,
И на глазах у всех, опять терзает
Неповоротливо печальный инструмент…
Потым будзеш лезьці да сябе на гару, а, падняўшыся ў нумар, выйдзеш на гаўбец і незнарок угледзіш, як на гаўбцы пад табою перакладчык Ашот расшпільвае станік на бялявай студэнтачцы Зіне, якую цэлы дзень пасьвіла ды так і не ўпасла дагледжаная маскоўская маман.
Назаўтра будзе задушлівы скварны дзень («Ад сьпёкі пышуць дахі і асфальт…») з экскурсіяй па чэхаўскіх мясьцінах.
Тут жыве Ратару, у яе сухоты. Тут выпіваў Купрын, там – Бунін. Тут Чэхаў пажартаваў – убачыў у асьветленым начным вакне жаночы профіль і гучна кажа спадарожніку: «А вы чулі? Учора Буніна ў адной татаркі зарэзалі».
Лівадзійскія могілкі зусім блізка, аднак ты ўсё адно ўпарта павернеш у іншы бок і выйдзеш на ўзмор’е – да тых самых фатографаў, да музыкаў, што могуць і «Соmе together», і палянэз Агінскага, да вогненназадай мартышкі, да пітона, да варажбітак і прадказальнікаў, абстаўленых кампутарамі, якія, апрача ўсяго іншага, выдадуць табе навукова абгрунтаваныя зьвесткі, што ты памёр 23 лютага 1988 году, да херасу, да афіцыянткі з кляснымі нагамі й распусным разрэзам вачэй, зь якой шмат хто хацеў бы спаткацца зусім не на вуліцы, да плюшавага прэзыдэнта СССР, да ўсіх тых, з кім разам ты ляціш сёньня да зор… А ў чарцы цёмнай і глыбокай будзе зноў і зноў сьветлым хмелем калыхацца віно, і, ускараскаўшыся да сябе на гару, ты, палохаючы Ашота зь Зінай і ўкормленых літфондаўскіх катоў, будзеш чытаць з начнога гаўбца:
Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры…
I СКАЧАТЬ