Название: Вольны птах. Раман
Автор: Мікола Адам
Издательство: Издательские решения
isbn: 9785006276949
isbn:
– Гэта… – задумалася, магчыма, над адказам, і з задумлівым выглядам мовіла: – Гэта не мая тайна, Драцянян.
– Хто? – расплыўся ва ўсмешцы мой твар.
– Ну, Драцянян, тры мушкецёры, Канстанцыя Банасье… Не чытаў? – узіралася ў мой твар Насця і шчыра не разумела маёй весялосці. – Што смешнага я сказала?
– Мо д’Артаньян усё ж, – паправіў яе.
– Д’Арт… пакуль вымавіш, званітуе, – непрыгожа скрывіла твар Насця. – Імем, канешне, Бог узнагародзіў чалавека яшчэ тым…
– Гэта прозвішча, – удакладніў я.
– Тым больш. Карацей, усяму свой час, дамовіліся?
– У мяне ёсць выбар?
– Выбар ёсць заўжды, герой-любоўнік.
Насця паднялася з лаўкі. Я ўскочыў следам за ёй, прытрымаў за руку. Яна наблізілася ўсутыч, прыхінулася, абвіла маю шыю рукамі і ўзнагародзіла замест тлумачэнняў доўгім жарсным пацалункам, ад якога я ледзь не паваліўся, бо закружылася галава. Што ж я за рахіт такі: ад усяго хістае як дзьмухавец?..
Дзяўчына пацерлася пасля пацалунку сваім носікам аб мой, пацалавала яшчэ па чарзе мае вочы, сказала, што ёй сапраўды пара, але мы абавязкова неўзабаве сустрэнемся, і пайшла. Пайшла ў нікуды.
– Насця! – аклікнуў я яе.
Яна спынілася. Азірнулася з пытаннем:
– Што?
Але не знерваваным ці незадаволеным. Пытанне дзяўчыны прагучала так, нібы яна чакала, каб я аклікнуў яе. Ці мне падалося?
Я імкліва падышоў да яе, моцна прытуліў і пацалаваў. Вочы яе былі прыемна здзіўленымі.
– Я цябе забяру, калі выпішышся, – раптам паабяцала.
– Куды? – машынальна запытаў я і сам жа адказаў за дзяўчыну: – Гэта не мая тайна, Драцянян, так?
– Люблю цябе, – прашаптала Насця і паспяшалася па сваіх таямнічых і важных справах. А я… я проста закурыў, яшчэ не асэнсаваўшы як след тое, што дзяўчына мне прашаптала.
На чарговай перавязцы з мяне знялі бінты і больш імі не абцяжарвалі галавы. Апрацавалі нечым халодным, папырскалі на рану, рыхтык у цырульні, сказалі, што, хутчэй за ўсё, праз тыдзень выпішуць, як толькі праколюць стандартны набор уколаў. Я вярнуўся ў палату, уладкаваўся на ложку з кнігай, падоранай Насцяй, аднак не чыталася. Як і прадбачыла дзяўчына, замест літар перад вачыма ўвесь час мільгаў яе твар, падміргваў, усміхаўся, абяцаў нешта салодкае і смачнае, пра што я нават баяўся думаць, але сны тыя думкі бессаромна ажыццяўлялі. Чым мы толькі з Насцяй не займаліся ў маіх снах! Калі б распавёў ёй – адназначна адгроб напоўніцу б. Ну, па-першае, рабавалі банкі па прыкладу Бонні і Клайда, адно што замест машыны ў якасці сродку перасоўвання выкарыстоўвалі матацыкл, якім Насця нядрэнна кіравала. Ніводная міліцэйская машына не магла дагнаць нас. Насця так любіла хуткасць, а хуткасць – яе, што пагоня апрыёры не мела ніякага сэнсу. Да таго ж, у выпадку блакавання дарогі, матацыкл узлятаў і праносіўся панад міліцыянтамі (такімі смешнымі з міжвольна СКАЧАТЬ