І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік. Валеры Гапееў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік - Валеры Гапееў страница 17

СКАЧАТЬ – Куды цяпер?

      – Дадому.

      – Так, ясна… Слухай, – стаў казаць загадна прафесар: – Паціху ўсе утрасецца, так заўсёды бывае. Пасядзі дома, пачытай што. Не спяшайся нікуды лезці. Праз месяц-два, я табе патэлефаную, прыедзеш, паразмаўляем. У мяне ёсць добры знаёмы, прыватная фірма, устаноўка абсталявання з праграмным кіраваннем, невялікія робатазаваныя комплексы. Наша спецыфіка. Знойдзем там табе месца. А праз год… Праз год ці мала што зменіцца. Як той Насрэдзін казаў: ці я, ці асёл, ці шах, а нехта памрэ. Дамовіліся?

      – Дзякуй… Я яшчэ не думаў пра заўтрашні дзень, – трохі расчуліўся Мацвей, адначасова усвядоміўшы: гэтыя дні – не проста канец ягонага ранейшага жыцця, а і пачатак магчымага новага. І вось – нарэшце трошкі акрэсліўся адзін з магчымых сцэнарыяў…

      – То будзь на сувязі, – і загадаў, і адначасова папрасіў Мархель.

      Данілы не было, Мацвей аддаў флэшку ягонаму сужыўцу, папрасіў перадаць. Выйшаў і ў цесным калідорчыку блока сутыкнуўся з Андрусём.

      – Вітаю, зямляк, – павітаўся ціха.

      – Вітаю, – паспешліва адгукнуўся Андрусь. – Чуў пра твае непрыемнасці, спачуваю…

      – Каб яшчэ да тваіх спачуванняў долараў пяцьсот дадалося, штраф заплаціць, – вырвалася ў Мацвея без асаблівай горычы. – Але дзякуй…

      – То заходзь, ператрэм тэму, – проста адгукнуўся Андрусь, нібыта нагадваючы, што ў яго тут – міні-банк і без праблем атрымаеш крэдыт пад невялікі працэнт. – Я во зараз…

      Ён неахайна выцер рукі завэдзганым ручніком, кінуў той на ложак.

      – Сума, канешне, вялікая, таму магу скасціць трохі працэнт. Ты ж разумееш, я тут не дабрачыннасцю займаюся, – ухмыльнуўся ён. – Сярод ночы паднімаюць і просяць дзясятку на тыдзень, то хай аддаюць за маю дабрыню і магчымасці рубель зверху. Для цябе, як земляка, дзесяць працэнтаў за месяц. За гэты час, мяркую, суму збярэш?

      – Збяру і раней, – паабяцаў Мацвей, хоць і не падумаў: дзе ён возьме хоць палову, хіба маці ў некага пазычыць. Цяпер жа рэальная магчымасць у гэты момант вырашыць пытанне з аплатай штрафу выглядала надзвычай прывабна, таму пра будучыя пошукі грошай моцна не задумваўся.

      – Добра, – пабарабаніў па стальніцы пальцамі левай рукі Андрусь – неяк з мелодыяй. Устаў, пакорпаўся ў шафе, вярнуўся і паклаў на стол пяць зеленаватых паперак. – От табе пяць соцень. Як земляку: дзесяць працэнтаў за месяц. За два тыдні – пяць. Сам палічыш, матэматык жа. Але, дружа, за два месяцы – дзесяць працэнтаў з ужо асноўнай сумы і з працэнтамі за мінулы месяц. Ну і далей так. Таму не цягні. Грошы патрабуюць дзелавога падыходу, сам разумееш… Прымаецца?

      – Прымаецца, – згадзіўся без усмешкі Мацвей, а мозг запрацаваў, падлічваючы: колькі ж гэта аддаваць, як атрымаецца толькі праз год?

      – Тады распіску напішы, – ужо як аб самым простым сказаў Андрусь, нахіліўся, выцягнуў з тумбачкі папку: – Не думай, я ва ўсіх распіскі бяру, хто больш за 10 рублёў пазычае. Дысцыплінуе, ды і сам хоць помню: СКАЧАТЬ