Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 44

СКАЧАТЬ доўгімі залацістымі косамі, яна вельмі нагадвала ляльку.

      – Янка! – шматзначна выпаліла Раманавічанка, укладваючы ў голас сардэчную скруху.

      – Я маўчу.

      – Грышка, – гукнула яе сяброўка да хлопца – ён у гэты момант падцягваў штаны, з якіх ужо вырас.

      – Я глухі і нямы, як усе беларусы.

      – І ўсё ж, – сказала Раманавічанка, – вы не баіцёся, што прыедуць паліцыянты да вашых бацькоў і стануць з хат стрэхі здзіраць?

      Хлопцы маўчалі. Перапынак скончыўся, зазваніў званок. Грышка наском старога чаравіка падбіў каменьчык і рашуча пакрочыў у школу.

      Янка момант яшчэ памарудзіў. Яму, напэўна, прыгадаліся бацькоўская сядзіба і бацькі, якія шмат працавалі і нябедна жылі. Яны збіралі грошы, каб набыць на дах чарапіцу. Ён прамовіў як бы для самога сябе:

      – А я што?.. Я нічога, словам – як усе. Толькі з паліцыянтаў таксама за гэтакі грэх, няхай святар скажа, – чэрці шкуру здзяруць! Свенты кшыж!.. – І ён перахрысціўся.

      …Хлопцам не здраджвала бадзёрасць, і Маня, гэтая ўлюбёніца дзеда Пятра, ідучы зноў на ўрок, упершыню нутром сваім адчула, што яна апынулася ў самым асяродку палітычнага закалоту. Абставіны, відавочна, вымагалі і ад яе быць дарослай, чаго ёй у гэты момант зусім не хацелася. Душу агортвалі няпэўны сум і трывога.

      13

      Як ні дзіўна, водгулле падобнага супраціву, адчайных і выбуховых падзей на Бацькаўшчыне разносілася даволі далёка, а недзе й збіралася, выклікаючы гнеў, як, напрыклад, у асяродках свядомых або патрыятычна настроеных беларусаў у Вільні, Варшаве ці далей на чужыне – у Празе, Берліне… Адтуль, здалёк, часам бачылася болей, чым прызвычаенаму люду на месцы.

      У Празе па тым часе мелі прытулак шмат хто з былых паплечнікаў, аднадумцаў альбо апанентаў Рамана Скірмунта. Жылі там і спявак Міхал Забэйда-Суміцкі, і паэтка Ларыса Геніюш… Раду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі ачольваў Васіль Захарка, ураджэнец Зэльвеншчыны, як, зрэшты, і Геніюш – землякі.

      Рада БНР паклікала ў Прагу на сход беларусаў, якія атайбаваліся ў замежжы. На справе гэта быў сход эмігранцкага варушлівага элемента. Дасціпная, чуйная, мілая Геніюш, маючы адметнае мужняе прозвішча, проста дзівілася, якія ўсё ж каларытныя беларускія прозвішчы ва ўдзельнікаў сходу: В. Захарка, М. Крачэўскі, П. Бакач, В. Русак, А. Калоша, В. Хмара, А. Жук, Д. Вітушка, нарэшце, Я. Ермачэнка – халопеніцкі воўк…

      Ва ўступным слове старшыня Васіль Захарка казаў:

      – Сённяшнія палітычныя падзеі адчуваем востра не толькі мы, сябры, але і цэлы свет. Якое ж у нас выйсце? Найлепшым быў бы развал краін ворагаў нашых, але на тое пакуль не варожыць. У выпадку вайны бальшавікоў або з бальшавікамі на ўсходзе, намі і ўкраінцамі будуць апекавацца палякі. Мы заяўляем: не! Мы хочам самі сабой апекавацца, самі будаваць сваё жыццё! Раней было шмат няверуючых, але Усебеларускі Кангрэс, праведзены ў 1917 годзе, паказаў, што беларускі народ пазнаў свой новы нацыянальны шлях. Так, беларускі народ здольны на жыццё, на новае збудаванне сваёй гісторыі. СКАЧАТЬ