Завеі, снежань. Іван Мележ
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Завеі, снежань - Іван Мележ страница 8

Название: Завеі, снежань

Автор: Іван Мележ

Издательство: Электронная книгарня

Жанр: Литература 20 века

Серия:

isbn: 978-985-02-0190-4

isbn:

СКАЧАТЬ разважліва: – Не ў адным етым – бяда. – Глушак пачуў злавеснае, калі Яўхім сказаў: – Ето мы перажывём! – Ён не скончыў, але ў тым нясказаным стары адчуў: ёсць большае, горшае! Яўхім не даў старому весці спрэчку далей, папрасіў: – Пагаворым пра ето пазней. Нешто трудно зразу пасля абеду…

      Ён выйшаў, і неўзабаве стары пачуў, як у суседняй палавіне рыпнуў ложак.

      Увечары Яўхім прыйшоў зноў. Калі сёрбалі боршч, у хату ўваліўся Пракоп Лясун, буркнуў: «Добры вечар у хату», падзякаваўшы, як заведзена, на абавязковае запрашэнне за стол, глыбай апусціўся на канапу. Павячэраўшы, Яўхім не захапаўся, як звычайна; абапершыся аб вушак, задуменна задыміў цыгаркаю. Быццам толькі што перарвалі дзённую гаворку, сказаў старому:

      – Жыць, тато, усе адно не дадуць…

      Стары таксама лагодна і павучальна запярэчыў:

      – Дадуць не дадуць, а дзяржацца трэба.

      – А як я не магу! Харакцер у мяне гарачы, знаеце ж!

      – Харакцер дзяржаць трэба! Не распускаць.

      – А як не ўмею я!

      Стары, спасцярожліва паглядваючы на Лесуна, стрымана і цвёрда заявіў:

      – Трэба ўмець! Цяперашнім светам усяму трэба навучыцца!

      – А я от не ўмею!

      – Трэба ўмець!

      Яўхім не адказаў. Дыміў цыгаркаю, думаў пра нешта. Дакурыў, кінуў пад ногі, расцёр апоркам, моцна, злосна. Тады загаварыў гарачкавата, як пра набалелае:

      – Робіш на некаго! Як парабак!.. Робіш, а ён – жаба – прыйдзе ды вычысціць пад мятлу! Як бы ето не тваё, а яго! Камандуе ўсякае, а ты слова не скажы!.. Ей-бо. – З лютай шчырасцю, з той раптоўнай, няўтрымнай адвагай, якой заўсёды апасаўся стары, прадказаў: – Не ручаюся: стукну я калі-небудзь етаго Дамецікаваго! Стукну так, што свінячае папрэ з яго! Ей-бо! Рукі даўно чэшуцца!

      Стары кінуў позірк на Пракопа, недавольна папракнуў:

      – Пляцеш усякае!.. Чалавек падумае: і праўда…

      – Праўда, тато! – не хацеў нічога разумець Яўхім. – Стукну! Цярпення ўжэ няма!

      – Не балбачы! Здурнеў саўсім!

      Яўхім быццам і не чуў старога.

      – Толькі от вас ды матку шкода, дак і дзяржуся. А так – даўно б!

      – Здурнеў саўсім! – закруціў Глушак галавой, пазіраючы дружбацкі на Лесуна, як бы просячы не браць сур'ёзна.

      Пракоп слухаў Яўхіма панура, усхвалявана.

      Яўхім неспадзеўкі весела варухнуў плячыма, закінуў рукі за галаву.

      – Адзін выхад: з'ехаць куды-небудзь! Покуль суд ды справа!

      Глушак зірнуў на Яўхіма: не жартуе.

      – От пабуду шчэ трохі, – з вясёлай адвагай сказаў Яўхім, – ды плюну на ўсё! Шчасце, што ні жонкі, ні галапузых – ніхто не ўчэпіцца! Вазьму світу на плечы – ды ў белы свет! Куды душа павядзе! У свеце мест добрых нямала! Буць таго не можа, штоб і мне не знайшлося!..

      – Ждуць там цябе! – недавольна, з трывогай папракнуў стары.

      – Знайдзецца место. Цяпер усюды такое будаўніцтво! Абы рукі!

      У старым узнялася раўнівая злосць. Сярдзіта, з крыўдай засіпеў:

      – А тут – бацько няхай адзін! Бацько няхай адзін мучыцца! СКАЧАТЬ