Завеі, снежань. Іван Мележ
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Завеі, снежань - Іван Мележ страница 7

Название: Завеі, снежань

Автор: Іван Мележ

Издательство: Электронная книгарня

Жанр: Литература 20 века

Серия:

isbn: 978-985-02-0190-4

isbn:

СКАЧАТЬ жыцці яго, якім зрабілася ўсё бяссэнсным, бязглуздым. Злосць была на Ганну тым большая, што ў шал злосці амаль нязменна ўліваўся непатрэбны, горкі струменьчык прыкра кволай крыўды за тое, што от, паганая, не палюбіла, не пашкадавала, кінула ў такі час, кінула на сорам перад усім сялом; што з-за яе, паганай, столькі болю, прыкрасці яму, што, як ні стараецца, не можа плюнуць на яе, сцерці са свае памяці; не можа, нібы наканавана, жыць без яе.

      «Сука! Гадзіна!» – кляў ён не раз. «Закаешся! Навек закаешся! Папомніш!» – гразіўся ён. Сланяючыся па двары, пакутуючы бяссонніцай начамі, ён у гарачай ліхаманцы, прагнучы помсты, строіў сабе малюнкі адплаты, біў у салодкім шале па ненавісным твары, ламаў упартыя рукі. Былі хвіліны, калі ён, прагнучы патолі, гатоў быў ухапіцца за сякеру, згадваў схаваны ў застрэшшы абрэз. Ні праклёны, ні грозьбы не давалі палёгкі: хоць не ведаў гэтага, любіў яе, паганую, ненавісную, па-ранейшаму любіў дурной, як хвароба, неадчэпнай любоўю.

      З таго дня, як Ганна ўцякла, як ніколі, нямілым стаў яму родны двор. Не, Яўхім не ва ўсім быў падобны на старога Глушака: жыццялюбны, ахвочы да жыццёвых уцех, ён і раней без вялікай радасці цягнуў на сабе цяжар гаспадарчых клопатаў, цяпер клопаты гэтыя сталі зусім прыкрымі. Ён амаль перастаў гаспадарыць. Каб не бацькі, якія цяпер трымалі сынаву гаспадарку пад пільным прыглядам, конь, карова Яўхіма век былі б няпоены і някормлены, свінні вішчэлі б з голаду. Стары, што нелагодна сачыў, як сын, заспаны, марудлівы, вылазіць са сваёй палавіны на ганак ледзь не пад абед, як сланяецца па двары, па хаце, быццам рабіць няма чаго, не раз спрабаваў ушчуваць яго, але не дабіўся нічога. Старая шкадавала, угаворвала старога, каб не злаваў, але той з дня на дзень кіпеў усё больш нецярпліва.

      Асабліва злавала старога тое, што Яўхім п'е. Ледзь не кожны вечар знікаў ён куды-небудзь і вяртаўся дадому толькі пад ранак або і зусім удзень. З гневам стары заўважыў, што прапалі ўжо некаторыя рэчы Яўхіма, сярод якіх былі дарагія хромавыя боты і пінжак.

      Глушак месца сабе не знаходзіў, заўважыўшы гэту прапажу. Увесь вечар і ўсю ноч не спаў, усё прыслухоўваўся, калі вернецца Яўхім. Той зашаргаў п'яна пад вокнамі, зарыпеў варотамі толькі пад раніцу. Стары ледзь стрымаў сябе, каб не кінуцца, не даць волю свайму гневу; ледзь паддаўся голасу развагі: усё роўна п'янаму гаварыць цяпер нінашто. Чуў, як Яўхім паволі сунуўся ўпоцемку сваёй палавінай, як стукнуў конаўкай па вядры, доўга піў ваду, бервяном зваліўся на ложак.

      Увесь дзень чакаў Глушак моманту, каб зноў пачаць трудную гаворку. Толькі пасля абеду, калі Яўхім, прытуліўшыся да вушака, закурыў цыгарку, паблажліва пусціў струменьчык сіняга дыму, стары адчуў, што можна пачаць.

      – Дзе чобаты хромавыя? – спытаў стрымана, нібы зусім спакойна. Упіўся вачыма ў сына.

      Яўхім брывом не варухнуў. Быццам чакаў. Пусціў спакойна яшчэ струменьчык дыму.

      – Дзе булі, там няма. Прадаў…

      – Прадаў… Каму ето?

      Яўхім пусціў яшчэ струменьчык дыму.

      – А не ўсё адно – каму?

      – Грошы палучыў? – не адступіў Глушак. Позірк зноў павастрэў.

      – Палучыў.

СКАЧАТЬ