Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін страница 44

СКАЧАТЬ спыніўся, саскочыў з каня, нібы гатовы дапамагчы фурману з канём. Стары ягамосьць, не зважаючы на абодвух, жвава злез і пайшоў па сваіх справах. Воўк раскілзаў свайго каня, паслабіў сядзельную папругу і пакорпаўся з тым ды гэтым, трымаючыся пэўны час пры каламажцы і аглядаючы дзядзінец. Фурман узяў свайго карага пад цуглі і павёў бліжэй да стайні, дзе і стаў распрагаць. Воўк заўважыў непадалёк паветку, пад якой стаяла некалькі коней пад сёдламі і як справу прывычную, уладкаваў там свайго. Але ж кудою найбліжэй да вялікага канцлера? Не дапытвацца ж у першага сустрэчнага.

      Ён ўжо збіраўся пакрочыць да дзвярэй, якімі ўвесь час снавалі людзі і то не простага стану, калі на плячо лягла нечыя рука. Воўк адразу сцяўся, бо непрыязна лягла, незычліва.

      – А ці не будзеш ты, хлопча, Міхеем Рэшкам? Пана Багуна даяжджачым? Спрытная Рука мянушка? Га?

      Воўк, тужачыся на спакой, скінуў руку і павярнуўся. Незнаёмы, з выгляду дваровы ці з вайсковай чэлядзі, пільна прыглядаўся. За яго спіною двое дзецюкоў з нядобрымі ўхмылкамі толькі чакалі закліку. Воўк адчуў сябе перад пасткай, якая вось—вось зашчэміць яго ў бязлітасных абдоймах.

      – Ганец я да яснавяльможнага пана вялікага канцлера, – сярдзіта адсек Воўк, спрабуючы абыйсці прыліпалу, які заступіў дарогу.

      Відаць, усёй тройцы карцела пазабаўляцца бездапаможнай ахвярай, бо памагатыя ступілі ўслед, каб мець яго толькі рукою сягнуць.

      – А па мне то рыхтык Міхей Рэшка, збеглы дваровы пана Багуна, нашага суседа, – незнаёмы з дурнаватай здзеклівай ухмылкай азірнуўся на сваіх прыяцеляў, нібы за пацверджаннем. Воўк не чакаў працягу. Скочыў убок і кінуўся па прыступках, дзе на верхняй перамаўляліся трое маладых шляхцюкоў.

      – Мне да яснепана вялікага канцлера! – голасна праскандаваў ён яшчэ здалёк. – Важнае паведамленне з вуснаў у вуха! Ад усвяцкага старасты яснепана Яна Пятра Сапегі! Маладзёны зірнулі на яго, мабыць развесяліўшыся такой рэкамендацыяй. Але і пераследнікі як ганчакі кінуліся ўслед.

      – Хапай яго, хлопцы! На піва мецьмемы! – гукнуў галоўны.

      – Воўк адчайна ірвануў з чужых рук крысо кафтана. Імя Сапегі прывяло ў рух шляхціцаў. Адзін з іх моцнымі штурханцамі адкінуў нападнікаў і паказаў дзверы, расчыненыя другім маладзёнам.

      – Хутка туды!

      Падганяць не было патрэбы. Уся тройца ўскочыла ў прыцемненыя сені і запляснула дзверы.

      – Якое такое паведамленне да вялікага канцлера? – строга запытаўся першы з выратавальнікаў. – Глядзі, калі збрахаў!

      Воўк са страхам падумаў, што напэўна чулі пра збеглага. Але ратунак, калі і мажлівы, то ад вялікага канцлера. Аддыхваўся, пазбаўляючыся ад перажытага спалоху.

      – Не збрахаў, пане, бо не сабака, – адказаў з годнасцю. – Але ўсё асабіста пану вялікаму канцлеру. Такі загад пана Ігната Бражыны, ягонага ганца. Ён зараз у гетмана Жулкеўскага, як бы ў палоне.

      Шляхцюкі крыху засердавалі, але першы, відаць СКАЧАТЬ