Название: Леаніды не вернуцца да Зямлі
Автор: Уладзімір Караткевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
Серия: Збор твораў
isbn: 978-985-02-1550-5
isbn:
– Так, – сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, – вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.
Твар яе аж ззяў усмешкай.
– Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое…
Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.
– Мужу варта было б думаць раней, – суха сказаў Леановіч. – Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы цяпер адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.
Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:
– Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок – і праз гадзіну я там… I ён жывы.
Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.
– I яшчэ адна прычына, – сказаў нарэшце Леановіч. – Вераб’іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. I вас. I людзей.
– Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.
Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання, і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.
Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.
– Выйдзем, пані… Гораў, хадзем з намі.
Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, – іхнім вачам адкрылася даволі жудаснае відовішча.
Рака лютавала. Нізавыя парывы ветру развялі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Яны каціліся супраць плыні, шоргаючы белымі грабянцамі. Хлапякі пены ля берага з цяжкасцю, з яўнай напругай пасоўваліся па плыні, падскокваючы на вадзяных гмахах. А ў прыдоннай лазе круцілася, віравала рудая пена. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільным навальнічным цямноцці.
Але і адтуль, са змроку, далятаў усхваляваны, нізкі гук вады.
Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым – цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны.
Леановіч моўчкі паказаў рукою, што трэба вяртацца ў пакой. Толькі там, у разамлелай цеплыні начнога чалавечага гнязда, ён сказаў:
– Вы самі бачыце, пані. Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы.
– Але ён чакае, – амаль умольна сказала яна.
– Ён чакаў два месяцы. Некалькi лiшнiх гадзiн нiчога не зменяць, – абыякава да здзеклiвасцi сказаў капiтан.
«Не можа ж ён не разумець яе становішча, – думаў Гораў.– Што гэта? Здзек або халодная подласць».
Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.
– Для асуджанага кожная гадзіна чакання – гэта лішнія маральныя пакуты, – проста і сурова сказала яна, – СКАЧАТЬ