Название: Леаніды не вернуцца да Зямлі
Автор: Уладзімір Караткевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
Серия: Збор твораў
isbn: 978-985-02-1550-5
isbn:
– Вы мужчына? – горка сказала яна. – Сапраўдны мужчына сам паплыў бы са мною, калі не хоча рызыкаваць салдатамі і паромам. Вы проста баязлівец.
– Я дзесяць разоў стаяў на бар’еры пад кулямі,– безуважна сказаў Леановіч. – Я тройчы паранены на вайне.
Яна кінулася да яго, потым бяссільна апусцілася на ўслон, упала галавою ў далоні:
– Майце літасць, пан капітан… Божа! Хоць галаву аб вас разбі!!!
– Не раю, – сказаў Леановiч.
Слухаць маўчанне, якое наступіла пасля гэтых слоў, было нясцерпна. Гораў выйшаў на ганак і доўгі час стаяў, затуліўшыся ад халоднага ветру, за рагом хаты. Потым, з цяжкасцю вырываючы ногі з раскіслага глею, пайшоў да брамы пад рэдкім, як слёзы, дажджом.
Далёкія чырвоныя бліскавіцы ўсё яшчэ ўспыхвалі на вяршынях чорных вольх. Вецер не сціхаў. Рака ўтрапёна пялёскалася пад адхонам.
Гораў абышоў пасты – паўсюль яго сустракалі воклічамі. Кардон не спаў.
…У гадзіну ночы, агледзеўшы ўсё, што трэба і не трэба, Гораў усё яшчэ гуляў пад дажджом, цяпер без мэты. Праходзячы нарэшце да ганка паўз асветленыя вокны хаты, ён убачыў у адным акне твар Леановіча, жахлівы, відавочна пастарэлы твар. Леановіч глядзеў у цемру.
У акне бакоўкі Гораў заўважыў постаць жанчыны. Тая кідалася ў бакі, як зняволеная. Спынілася, ударыла кулачком па печцы.
Гораў апусціў галаву. Яму не хацелася больш ісці ў хату.
Зноў рака, зноў відовішча звар’яваных хваль. Зноў двор – чортава кроў, плашч пачынае прамакаць! – зноў месца за рагом і агеньчык запалкі ў руцэ.
– Палова другой.
Якраз у гэты час Грынкевічава выйшла на ганак. За ветрам Гораў невыразна пачуў:
– Божа, Божа, Божа…
За яе спінаю з’явіўся сярод цемры аранжавы прамакутнік дзвярэй і ў ім сілуэт падабранай, налітай імпэтнай і спакойнай сілаю, постаці.
– Зайдзіце ў пакой, – добразычліва-ледзяным голасам сказаў Леановіч, – я адказваю за вас.
Яна падпарадкавалася, і Гораў, адчуваючы, што зараз можа адбыцца нешта жахлівае, пайшоў за імі ў пакой, зноў убачыў змучаны, без крывінкі твар.
– Майце літасць…
I раптоўна ўся сіла гэтай натуры, уся яе палкая страснасць выбухнула парывам гора.
Няўжо ў вас не было кахання… хоць маленькiх успамiнаў? Яшчэ тры гады таму ён быў толькi маiм жанiхом! Разумееце вы, цi ў вас лядзяш замест сэрца?! Быў май, i мы гулялi ў гарыпнi… Такi смех быў над паплавамi… А цяпер ён заўчасна сiвы, змучаны. Яму нельга!..
– Пані, усё гэта дарэмна, – ветліва сказаў Леановіч. I гэтыя словы вярнулі яе да прытомнасці.
– А-а-х-х вы! Што вы варты? – з невымоўнай пагардай сказала яна. – Фрунт забіў вашу душу. Вы не разумееце нават, што ён не за сябе, што ён за народ, за вас, за гэтых бедных людзей. Ён не дзеля грошай, не дзеля ўлады. Ён чысты, як… неба. Каб народ быў вольны. Гэта СКАЧАТЬ