Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч страница 7

СКАЧАТЬ двара стаяла парная прыпрэжка. Дымелі спіны замораных коней. А за імі ледзь вымалёўваўся цёмны сілуэт лёгкай брычкі з узнятым верхам. Фурман, сівавусы чалавек, падобны ў плашчы на натапыраную птушку, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нехлямяжы, кідаўся ва ўсе бакі.

      Фіранка брычкі адшморгнулася: з’явілася з яе нутра і ступіла на прыступку невялічкая нага. Жанчына, высокая і зграбная, у цёмным плашчы, стала проста ў ваду, якая плыла па ўсім двары, і азірнулася.

      – Сюды, пані,– спяшаючыся з ганка ёй насустрач, голасна сказаў Гораў.

      Ён адчыніў перад жанчынаю дзверы. Тая пераступіла парог і адкінула капюшон, мружачы вочы ад сляпучага – пасля цемры – агеньчыка свечкі.

      Здзіўлены Леановіч глядзеў на жанчыну вялізнымі вачыма. Глядзець было на што. Ніколі яшчэ Гораў не бачыў такога значнага аблічча.

      Густыя цёмныя бровы, якія здаваліся б амаль мужчынскімі, каб не агромністыя, як чорныя азёры, бліскучыя вочы і прыпухлы маленькі рот. Прамы, невялічкі нос, мяккі авал трохі асіметрычнага аблічча, якому самая гэтая асіметрычнасць надавала дзіўны выраз мяккай і жаночай пакорлівасці ў спалучэнні з уладнасцю, мала таго, з прывычкай уладарыць.

      «Адкуль гэта, – падумаў Гораў,– ад арыстакратызму? Наўрад ці. Яна, відаць, такі самы арыстакрат, як я. Проста чалавек духу і думкі. А ўладнасць – як гэта я не здагадаўся? – проста таму, што мужчыны не могуць не быць рабамі перад такой жанчынай».

      I ён адчуў, што каб не мундзiр, каб не вайна, – ён, можа, i сам стаў бы яе рабом. I нёс бы гэтае рабства нават з прыемнасцю.

      На цёмна-русых валасах жанчыны, над ілбом, вясёлкава блішчалі малюсенькія кроплі вады. I быў гэта твар, у якім было нешта дзіцячае і безабароннае пры ўсёй даросласці.

      Леановіч уздыхнуў і апусціў твар у далоні. Гораву здалося, што плечы капітана калоцяцца ад прытоенага смеху. Але, калі Леановіч узняў вочы, твар яго быў сур’ёзны.

      – На той бераг, калi ласка, – сказала жанчына.

      Леановіч глянуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін ночы.

      Сядайце, піце чай, – спакойна сказаў Пора-Леановіч. – Сымон, фурману шклянку гарэлкі. Коней – выцерці.

      – Дзякуй вам на добрым слове, але я не магу, – сказала яна.

      – Не пярэчце, калі ласка, – ветліва, але цвёрда сказаў Леановіч.

      Жанчына прыўзняла на яго вочы, быццам здзіўленая гэтай нечаканай цвёрдасцю. Але ўсё ж паслухалася, села.

      Гораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася, але не магла доўгі час вісець усцяж цела, зацякала.

      Сымон паспешліва, відаць, з большым задавальненнем, чым для афіцэраў, накрываў на стол.

      Увесь гэты час жанчына безуважліва глядзела ў акно. I нават потым, калі пілі чай, не дакранулася да ежы, нягледзячы на ўсе ўмаўленні Леановіча. Толькі пагрэла рукі аб шклянку і адпіла некалькі глыткоў гарачага чаю. Леановіч павольна і з відавочнай насалодаю хлябтаў бурую ад заваркі вадкасць.

      Калі Сымон прыбраў са стала, капітан зручна сеў, прыхіліўшыся спінаю СКАЧАТЬ