Название: Леаніды не вернуцца да Зямлі
Автор: Уладзімір Караткевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
Серия: Збор твораў
isbn: 978-985-02-1550-5
isbn:
– Ведаю, – проста сказала яна, – я чытала вашу «Смерць на світанні». Але вы пакуль не знайшлі сябе. Значыцца, гэта ўсё яшчэ прыйдзе.
– Я адшукаю гэту дарогу, – сказаў Андрэй, – магчыма, дзякуючы вашаму Рэмбранту.
– Ну, гэта занадта, – сказала яна, – вы з тых, што знаходзяць дарогу самі.
Яна прыўзняла жоўтую сумачку і дадала:
– Толькі не бойцеся, калі на вас будуць шыпець. Ва ўсіх вас ёсць толькі адзін жорсткі суд – суд над сабою.
– Ну, яшчэ раз дзякуй, – сказаў Андрэй, – вы добры чалавек, вас радасна слухаць.
Ён выйшаў на калідор. Вясна глядзелася ў вокны празрыста-зялёнымі шатамі дрэў. Ля акна стаяў бялявы Яніс і глядзеў уніз, на кветнік.
– Ты чаго там затрымаўся, падонак? – спытаў ён. – Унь з Марыйкай Крат ледзь праз цябе радзімчык не стаўся.
– А чаго ёй злавацца? – неўразумела спытаў Андрэй. – Што, я забіў кагосьці на яе вачах?.. Дзе яна?
– Там за рагом стаіць.
Грынкевiч пацiснуў плячыма i накiраваўся за рог. Марыя стаяла там, успёршыся на падваконне, i твар яе здаваўся зеленаватым i зменлiвым ад празрыстага ценю веснiх дрэў i цяпер, пакуль яна не бачыла яго, нават добрым. Ва ўсiх астатнiх выпадках Андрэй ведаў толькi тры выразы на яе твары: раздражнення, насцярожанага чакання i яшчэ – млявай пяшчоты.
Ён падышоў да яе і стаў поруч.
– Вясна, родная. Добра жыць, праўда?
Яна не адказала. Твар адразу стаў напружаным, абцягнуліся скурай і пачырванелі скулы.
– Што з табой? – спытаў Андрэй. – Сарока пярсцёнак украла?
– Ты ведаеш, што са мной.
– Дальбог, не. Я ж не чараўнік. Зноў нейкае глупства.
– На гэты раз не глупства. Ты хутка пакінеш мяне.
– Вядома. Паеду на канікулы. Калі толькі ты не запросіш мяне да сябе.
– Не запрашу.
– Што ж, тваё права. Тады паедзем да мяне.
– Шлюха да цябе паедзе, вось хто. Iх запрашай.
Андрэй усміхнуўся. Яму ні на каго не хацелася злавацца:
– Ты, аднак, і лаяцца можаш. Гэта я ад цябе ўпершыню чую.
– I не тое пачуеш.
Грынкевіч узяў Марыю за руку.
– Слухай, – сур’ёзна сказаў ён, – што, уласна, сталася?
– Ты закахаўся ў гэтую… там, на лекцыі,– тон Марыі быў невымоўна гідлівы.
Андрэя як быццам хтосьці ўдарыў па галаве. Ён стаяў аслупянелы ад гэтай дзікай думкі, не верыў сваім вушам.
– У Гораву? – спытаў ён нарэшце голасам, што прарваўся аднекуль знутры.
– Не вымаўляй яе iмя пры мне.
Тэатральная фраза вярнула Андрэю раўнавагу і здольнасць жартаваць:
– I якія ж гэта прыкметы, што я такі закаханы? Ты растлумач, а то я нешта не бачу.
– Ты пачаў хадзіць на ўсе яе лекцыі.
– Што ж, гэта святы абавязак савецкага слухача, – сказаў ён.
– Глядзіш СКАЧАТЬ