Название: Леаніды не вернуцца да Зямлі
Автор: Уладзімір Караткевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
Серия: Збор твораў
isbn: 978-985-02-1550-5
isbn:
«I ўсё ж гэта гнюсна, вось такое звыклае i халоднае сяброўства. I нiякiя апраўданнi, што ты жывы чалавек, – не дапамагаюць».
Гэтая бязлітасная думка мільганула ў яго галаве толькі на імгненне. Потым ён асцярожка зачыніў за сабою дзверы, падняўся на свой паверх і пастукаў у пакой Вайвадса.
Яніс стаяў ля пісьмовага стала, перачытваў скончаны ліст. На стале стаяла ўжо халасцяцкая вячэра: каўбаса, сыр, хатняя вяндліна, кафейнік з чорнай кавай. Да ўсяго гэтага – з выпадку свята – сёння была дабаўлена бутэлька сухога віна і паўбутэлькі рыжскага бальзаму, які сябры, як існыя маладыя варвары, не дабаўлялі ў каву, а пілі проста так.
– Чакай, – сказаў Яніс, – я зараз.
Андрэй сеў ля стала і стаў глядзець на нехлямяжы, вельмі мяккі і добры твар.
З Янісам яны, прыехаўшы ў інстытут, пасябравалі не адразу. Толькі потым, калі аднойчы Грынкевіч абмовіўся, што ён з Віцебскай вобласці, Яніс здзіўлена сказаў:
– А мы былой Віцебскай губерні. Тады мой край называлі, здаецца, «інфлянты». Я латыш, з Латгаліі… I наш Райніс адтуль.
З таго часу «землякі» пачалі прыглядацца адзін да аднаго. Уважліва прачыталі вершы. Вершы абодвум спадабаліся, хоць у Вайвадса яны былі больш грамадзянскія, а ў Андрэя – больш лірычныя.
Так ішоў час, і цяпер яны ўдвух нават жылі камунай, маючы ўсё агульнае. Вайвадс як больш гаспадарлівы быў загадчыкам забеспячэння. I ўвесь час яны былі разам. Баранаўскас, які добра ведаў беларускую мову, бо жыў ля самай мяжы Беларусі з Літвою, часам бурчаў: – Такая дружба, што сарочку няма калі перамяніць.
Але гэтыя два былі цалкам задаволены сабою і другам. У Вайвадса было цяжкае жыццё.
Сын селяніна з беднай Латгаліі, краіны бяроз над азёрамі і саламяных аканіц, касцёлаў і шчымлівых спеваў, ён у раннім дзяцінстве застаўся без маці. З таго часу ён ненавідзеў дактароў: урач адмовіўся пайсці да хворай, бо па яго нельга было паслаць каня і не было надзеі на багаты ганарар. Гэтая нянавісць да дактароў – хоць час змяніўся і ўрачы, вядома, былі не тыя – стала ўрэшце формай ідыясінкразіі: ён не называў іх іначай як «жывадзёры».
Бацька хадзiў парабкаваць у багатую Земгале, капаў канавы. Такi лёс чакаў i Янiса. I Вайвадс пачаў ненавiдзець не толькi дактароў. Нельга было абразiць яго больш балюча, чым назваўшы «земгалес будзiс»[2]. Тады ён смешна злаваўся. Ён наогул прымаў жарты толькi ад Грынкевiча i другiх самых блiзкiх сяброў. Спакойны, як i нiвы яго Латгалii, цяжкi, як каменне на яе скупых палёх, ён быў у глыбiнi душы вельмi страсны, вельмi добры i вельмi чысты чалавек. Гэтыя страснасць i чысцiня абумовiлi ўвесь ягоны шлях.
Сялянскі хлопец, які пасвіў каровы і якога за бліскучыя поспехі ў вучэнні вясковы ксёндз хацеў паслаць вучыцца і меркаваў на сваё месца, раптам адкрыў у сабе звонкі і чысты, як крыніца, талент песнятворцы.
Песні, якія ён пачаў складаць яшчэ ў гады нямецкай акупацыі, былі простымі, мужнымі і чыстымі, СКАЧАТЬ
2
Земгальскі кулак.