Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч страница 16

СКАЧАТЬ гледзячы на Горава, спытала жанчына. – Няўжо інсургенты зноў з’явіліся?

      – Яго забіў я, – цвёрда і сумна сказаў Гораў,– не трэба непакоіцца. Мы страляліся на сумленнай дуэлі.

      – Не варта было. Ён толькі выконваў загад.

      – Варта было, – сказаў Гораў,– варта для яго самога.

      Жанчына моўчкі глядзела на мокрыя лугі, што драмалі ў плямах скупога сонца. Потым нахілілася, выцягнула з дарожнага куфра цёмна-сіні плашч і накінула яго паўзверх жалобнага адзення.

      – Бадай што, ваша праўда, – сказала яна. – Я была зусім разбітая, але вы сваёй мужнасцю далі мужнасць і мне. Я ведаю, што мне рабіць.

      – Куды вы цяпер?

      У Вільню. Да Мураўёва. Я даб’юся ў яго аўдыенцыі і не пабаюся сказаць яму, што я думаю аб яго паводзінах.

      – Гэта вельмі небяспечна. А вы яшчэ такая маладая, і для вас не цяпер, не зараз, але магчыма шчасце.

      Нясцерпны жаль і немае замілаванне ахапілі душу Горава, калі яна ўзяла яго руку ў свае.

      – Я ведаю, ёсць многа добрых людзей, – сказала яна, – людзей з усёабдымным, з чалавечым сэрцам. Такіх, як вы. Але што я магу зрабіць, калі мне ўсё жыццё будуць трызніцца тыя дзесяць хвілін, на якія я спазнілася. Калі для сэрца чалавечага няма і не будзе забыцця… Дарагі мой чалавек. Я ведаю – у мяне ўсё канфіскуюць. Мяне, хутчэй за ўсё, чакае Сібір.

      Яна схіліла галаву, а потым, праз імгненне, ускінула на Горава цёмныя вочы.

      – Але мне лягчэй. Людзі заўсёды людзі. Людзі паўсюль людзі… Дай вам Бог шчасця за добрае сэрца. Шчасця з невядомай мне рускай жанчынай, такой самай добрай, як вы.

      – Не трэба, пані,– сказаў Гораў.

      – Маўчыце, – сказала яна амаль сурова. – Чым я магу ад дзякаваць за ўсё? Толькі словам. Дай вам Бог шчасця. I вам, і дзецям, і ўсім нашчадкам вашым. Дай Бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі.

      – Рушай, – сказала яна фурману пасля хвіліны цяжкага маўчання. – Бывайце, дарагі.

      – Бывайце.

      Брычка павольна пакацілася па дарозе. Гораў хацеў было ўжо саскочыць з прыступкі, але яна ўзяла доўгімі далонямі яго галаву і прыцягнула яе да сябе на грудзі. Пацалавала ў высокі лоб.

      Ён нахіліўся і прыпаў вуснамі да бязвольнага сугіба ля кісці яе рукі.

      – Ідзіце… Ідзіце, – шэптам сказала яна.

      Споўнены гаротным неўразуменнем, бунтуючы ўсім сэрцам супраць сляпой сілы, якая няўмольна разлучае людзей, Гораў скочыў з прыступкі. Брычка пакацілася хутчэй.

      Бясконцыя лугі ляжалі вакол.

      А ён стаяў і глядзеў, як брычка, зрабіўшыся цёмнай кропкай, знікала недзе пад чорнымі хмарамі, ад якіх цягнуліся да зямлі шэрыя пасмы дажджу.

      Так скончылася гэта гісторыя. Ураган размёў чалавечыя існаванні і не дазволіў ім сустрэцца зноў. Паўстанне грымела, усё далей адсоўваючыся на захад, а ў Прыдняпроўі настала ўжо «заспакаенне» і «ўціхаміранне».

      I тады да Горава пачалі прыглядацца. Смерць Пора-Леановіча некаторым здалася падазронай. СКАЧАТЬ