Крыві не павідна быць відна (зборнік). Наталка Бабіна
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Крыві не павідна быць відна (зборнік) - Наталка Бабіна страница 8

СКАЧАТЬ ні прывозіла, ёй нічога не смакавала, ежай яна цяпер лічыла толькі сыр ды аліўкі, а ўсё астатняе клала назад у торбу і засоўвала мне ў руку. Мярцьвяцкі пах стаяў у хаце, калі я прыехала наступным разам.

      Старая ляжала, непазнавальная, на сьпіне, вочы яе былі закрыты, а сківіца адвалілася. Сухія рукі са скурчанымі пальцамі ляжалі ўздоўж цела. З-пад пляскатай падушкі выступаў краёк іконкі. Я і ня ведала, што яна была грэчанкай. Калі тут рэзалі грэкаў, яна, значыцца, была зусім дзяўчом.

      Я выйшла з хаты, выпусціла з хлеву авечак, якія неспакойна турзаліся па загоне, выпусціла і напёрла восыпка, які, аднак, адразу зноў вярнуўся пад хату.

      Дома, пад кірказонамі, я вырашыла забіць Марыда. Ах, я ж яшчэ не казала, хто такі Марыд! Я яго ўтрыманка. Ён прыяжджае сюды раз на тыдзень. Дзень я праводжу зь ім, а астатнія шэсць – так, як хачу. Гэта прымальная плата – мне ня трэба, як многім іншым жанчынам, бачыць свайго ўтрымальніка кожны дзень і ноччу, пакуль не заснеш. Мне не прыходзіцца штодзённа працаваць, каб два разы на месяц атрымліваць жалю вартую купку грошай, якіх усё роўна заўсёды бракуе. Як ён пнецца выглядаць значным, і, халера, гэтае валасатае пуза… Поры на носе, пах парфумы ад вусоў. Тэк-с.

      Забіць мужчыну, які агідны.

      Я схадзіла за пісталетам і навярнула на ствол глушыльнік. Заўтра ён прыедзе, і я яго заб’ю.

1996

      Грошы ёсьць дакумэнт

      Не памятаю, як выйшла, як дайшла. Што пад машыну ня трапіла – цуд. Ачомалася толькі на лаўцы ў сквэрыку, і то трохі: і скверык, і трамваі, і людзі круціліся ў мяне перад вачыма вясёлкавым, зь перавагаю блакітнага, колам.

      Гэта ад неспадзяванкі. Я даўно ўжо ня маю надзей, але пляны яшчэ сную. І вось гэтыя пляны абваліліся, а руіны прыдушылі мяне такім цяжарам, што з-пад іх мне ня выбрацца. Кола круцілася ўсё хутчэй, туман перад вачыма гусьцеў, гусцеў, аж пакуль не згусцеў у папяровы кубачак з халоднай мінералкай. Зь цяжкасьцю сфакусаваўшы погляд на кубачку, тады на руцэ, што яго трымала, тады на тулаве, да якога рука мацавалася, тады на галаве над тулавам, я зьдзівілася настолькі, што мне нават стала лепш. Запамінальны выгляд у мужыка, які мяне паіў: худы да сухасьці, касцісты, вакол касаватага вока – шнар ад брыва да гарбатага носу, на другой шчацэ – пляма апёку. Пусты кубачак мужык кінуў у вялізны зашмуляны заплечнік і выхапіў стуль пунцовую ружачку з кропелькамі вады на пялёстках.

      – Табе.

      Я далонню ацерла з ілба халодны пот – сьлед мінулае непрытомнасці. Вопратка бамжацкая, зьбітыя боты. Рукі запэцканыя. Ружачка ў заплечніку… Мужык сеў побач, заплечнік прымасціў ля ног, скасавурыў на мяне і без таго касое вока і задаў няўцямнае пытаньне, якое, аднак, я выдатна зразумела:

      – Ты чаго?

      Калі цяля з лысінкай нарадзілася, з лысінкай яго і ваўкі зьядуць. Так і я. Вось толькі што жыцьцё – у каторы гэта раз! – тыцнула мяне носам і выразна сказала: «Людзям ня вер!», а я гляджу на шахвараста ў расхрыстанай куртцы, напэўна ж, прайдзісвета і махляра, і мне хочацца ўсё яму расказаць, бо такія ў яго СКАЧАТЬ