Тэорыя змовы. Уладзіслаў Ахроменка
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка страница 7

СКАЧАТЬ дзяцей узяліся грызці!..

      – Гэта, пэўна, якая алкагалічка з птушкафабрыкі дзіцё нагуляла ды кінула, – Талаш задуменна калупаў насцяком бота раскіданыя пёркі. – Ім, маладым, цяпер волю далі… Не тое, што ў наш час.

      – Сыночка ж накарміць трэба! – са скрухай мовіла Талашыха. – Грошы з сабой ёсць?

      – Ды заначку з пенсіі прыхаваў, – прызнаўся ветэран крыху вінавата. – Ідзі дахаты, а я ў Сельпо. Можа, да іх ужо малако завезлі…

      Талашыха ўзняла вочы да нябёсаў. У недасяжнай вышыні вецер сарваў з электрычнага дроту абсмаленае пёрка і панёс яго да Дняпра.

      4

      – …а за «казла» адкажаш! І за зрыў мерапрыемства! І за ўсё астатняе!.. – гупаў Качан у дзверы скіргайлавага пакойчыка.

      – Ну, чаго табе яшчэ трэба? – цяжка сіпела Манда Іванаўна. – Працай забяспечаны. Жытлом таксама. Вуліцы чыстыя. Батарэі гарачыя. Ёсць нават шанец што-небудзь у «Суперлато» выйграць!

      Адраджэнец нервова каўтаў піва, лыпаў на дзверы рахманымі, бы ў цяляці, вачыма і прыкідаў наступствы паэтычнай чытанкі.

      Наступствы паабяцалі неадкладна.

      – … ведаеш, чым такія, як ты, канчаюць? – грымнуў старшыня выканкама. – Турмой! А пятнаццаць сутак ты ўжо зарабіў!

      – … хочаш па-беларуску гаварыць? Калі ласка, гэта ж не забаронена! – памяркоўна дэкларавала загадчыца Дома Культуры. – Але ж нашто нашым людзям свята паганіць?

      Скіргайла шморгнуў носам і незалежна выпрастаў спіну.

      – «…хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць!..» – не ўтрымаўся ад пафаснага шэпту.

      Качан з Мандой Іванаўнай яшчэ крыху патаўкліся за дзвярыма. Першы цікавіўся наяўнасцю ў Скіргайлы мазгоў, патрыятызму, сумлення і жадання жыць, як усе нармальныя людзі. Другая спрабавала вытлумачыць нястачу ўсіх гэтых якасцяў выключна несвядомасцю і маладосцю.

      – Ён жа нацыяналізмам атручаны! – абураўся старшыня выканкама.

      – Нічога, знойдзем супрацьяддзе! – супакойвала загадчыца Дома Культуры.

      Галасы падазрона хутка сцішыліся. Нанізе бразнулі дзверы – старажытная кераміка на паліцы і пустыя бутэлькі на падвоканні азваліся тужлівым ценьканнем. Малады спецыяліст дажлукціў пляшку, адкаркаваў наступную і ўключыў ноутбук. Змоўніцкі скавытнуў вінчэсцер. Лёгкі подых кулера зварухнуў на сцяне выявы Вітаўта Вялікага, Канстанціна Астрожскага, Станіслава Булак-Балаховіча і іншых герояў адраджэнскай міфалогіі. У чарупіне, што бялела за лядоўняй, з кулямётным грукатам закалаціўся скручаны кран.

      Ноутбук загрузіўся. Паэт блазнавата пасміхнуўся, заканэкціўся ў Сеціва і зайшоў на ўлюбёны рэсурс – www.ZalatyViek.vkl. Сайт гэты, змайстрачаны нейкім ананімным web-адраджэнцам, уражваў звышпрасунутай трохмернай графікай. Сярод лічбавых замкаў, ратушаў і бажніцаў блукалі шляхотныя маршалкі і вытанчаныя князёўны, мужныя ваяры і патрыятычныя ваўкалакі. Малады спецыяліст уцякаў сюды ці не штодня, каб адпачыць душою і целам.

СКАЧАТЬ