Название: Смерць у Венецыі
Автор: Томас Ман
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Noblesse Oblige
isbn: 978-985-7165-87-2
isbn:
«Каля вады, – сказала яна, – ёсць сімпатычнае месца, дзе я ўжо часта сядзела. Там мы маглі б хвілінку нязмушана паразмаўляць… Зірніце, час ад часу праз лістоту выглядвае зіхатлівая зорка».
Ён не адказваў, гледзячы на паверхню, якая мігацела зеленаватым колерам і да якой яны набліжаліся. Можна было ўжо распазнаць другі бераг ракі, збудаванні вала. Калі яны пакінулі прысады і апынуліся на пляцоўцы, парослай травой, якая сканчвалася каля вады, фрау фон Рынлінген сказала:
«Тут, крышку справа, ёсць месца; бачыце, яно незанятае».
Лаўка, на якую яны прыселі, праз шэсць крокаў убок ад прысадаў, стаяла на самым краі парка. Тут было цяплей, чым паміж дрэвамі. Конікі цвыркалі ў траве, якая каля самай вады пераходзіла ў тонкі трыснёг. Рака пад яркім месяцам адсвечвала лагодным адценнем.
Яны абодва нейкі час маўчалі і глядзелі на ваду. Але потым ён, здрыгануўшыся ўсім целам, прыслухаўся, бо гук, які ён чуў тыдзень таму, гэты ціхі, раздумлівы і пяшчотны гук, зноў зачапіў яго.
«Калі з Вамі здарылася гэтае няшчасце, пан Фрыдэман? – спытала яна. – Ці гэта ў Вас ад нараджэння?»
Ён каўтнуў, бо яму як адняло мову. Потым адказаў ціха і ветліва:
«Не, вяльможная пані. Мяне, маленькага, мамка ўпусціла на зямлю; вось адкуль гэта ў мяне».
«А колькі Вам цяпер?» – працягвала яна роспыты.
«Трыццаць гадоў, вяльможная пані».
«Трыццаць гадоў, – паўтарыла яна. – І Вы за гэтыя трыццаць гадоў зусім не зведалі шчасця?»
Пан Фрыдэман пахітаў галавою, яго вусны дрыжалі. «Не, – прамовіў ён, – гэта былі адно самападман і трызненне».
«Вам здавалася, што Вы шчаслівы?» – пыталася яна.
«Я спрабаваў паверыць», – сказаў ён, а яна адказала:
«Гэта было адважна».
Мінула хвіліна. Толькі конікі цвыркалі, а за іх спінамі чуўся лёгкі пошум у дрэвах.
«Я крыху разбіраюся ў няшчасці, – сказала яна потым. – Такія летнія ночы каля вады – самае лепшае ў падобных выпадках».
На гэта ён не адказаў нічога, толькі лёгкім рухам паказаў на другі бераг, які мірна ляжаў у змроку.
«Нядаўна я там сядзеў», – сказаў ён.
«Калі Вы ішлі ад мяне?» – спытала яна.
Ён толькі кіўнуў.
Але потым ён раптам скалануўся, яго аж падкінула ўверх, ён усхліпнуў, выгукнуў нешта, нейкі жалобны гук, у якім адначасова мелася яшчэ і нешта збавіцельнае, і споўз паволі да яе ног на зямлю. Сваёй рукою ён дакрануўся да ейнай, якая ляжала на лаўцы каля яго, і, патрымаўшы яе і схапіўшы другую, гэты маленькі, гэты зусім карузлаваты чалавек, дрыжачы і торгаючыся, кленчачы перад ёй і прыціскаючы свой твар да яе падолу, мармытаў нечалавечым, перарывістым голасам:
«Вы ж ведаеце… Адпусціце мяне… Я больш не магу… Божа СКАЧАТЬ