Название: Смерць у Венецыі
Автор: Томас Ман
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Noblesse Oblige
isbn: 978-985-7165-87-2
isbn:
Скрыпкі заспявалі, трубы, уступіўшы, загрымелі; заспяваў Тэльрамунд[24], у аркестры запанавала ўсеагульная радасць, а маленькі пан Фрыдэман сядзеў нерухома, бледны і ціхі, уцягнуўшы галаву глыбока ў плечы, трымаючы адзін указальны палец каля рота і засунуўшы другую руку за абшлаг пінжака.
Пакуль па́дала заслона, фрау фон Рынлінген устала, каб разам са сваім мужам пакінуць ложу. Пан Фрыдэман бачыў гэта; не пазіраючы туды, ён лёгкім рухам правёў насоўкай па лбе, раптам устаў, дайшоў да дзвярэй, якія вялі ў фае, зноў вярнуўся, сеў на сваё месца і застыў там у той самай позе, у якой быў раней.
Калі празвінеў званок і яго суседзі зноў вярнуліся, ён адчуў, што позірк фрау Рынлінген засяродзіўся на ім, і ён міжволі падняў і павярнуў галаву да яе. Калі іх позіркі сустрэліся, яна і не памкнулася адвесці вочы ад яго, а, зусім не збянтэжыўшыся, уважліва разглядала яго, аж пакуль ён сам, зломлены і пакорлівы, не апусціў вочы. Пры гэтым ён яшчэ больш спалатнеў, і дзіўная злосць, змяшаная з салодкім болем, узнялася ў яго душы… Зайграла музыка.
Пад канец акта здарылася так, што фрау фон Рынлінген выпусціла з рук веер і што ён упаў на падлогу побач з панам Фрыдэманам. Яны абое схіліліся адначасова, але яна падняла яго сама і сказала з кплівай усмешкай:
«Дзякую».
Іх галовы былі апынуліся вельмі блізка побач, і на нейкі момант ён удыхнуў цёплы водар яе грудзей. Яго твар сказіўся, усё яго цела сцягнулася ў камок, а сэрца білася так страшэнна моцна і цяжка, што ў яго заняло дыханне. Ён яшчэ з паўхвіліны пасядзеў, потым адсунуў крэсла, ціха ўстаў і гэтак жа ціха выйшаў.
Х
Ён пайшоў па калідоры ў суправаджэнні гукаў музыкі, у гардэробе забраў цыліндр, светлае паліто і кіёк і патупаў па сходах уніз на вуліцу.
Быў цёплы, ціхі вечар. У святле газавых ліхтароў неба моўчкі затульвалі шэрыя дамы з вялікімі франтонамі, уверсе лагодным святлом міргалі зоркі. Крокі нешматлікіх людзей, якія сустракаліся пану Фрыдэману, утваралі шоргат на тратуары. Хтосьці павітаўся з ім, але ён не ўбачыў хто; ён ішоў, схіліўшы галаву, і яго высокая вострая грудзіна калацілася, так цяжка ён дыхаў. Час ад часу ён прамаўляў сам сабе:
«Божа мой! Божа мой!»
Адчайным і пудкім позіркам ён углядаўся ў самога сябе і ўсведамляў, што яго пачуццё, з якім ён абыходзіўся заўсёды так пяшчотна, так лагодна і разумна, цяпер было разняволена, яно завіхрылася, раскалашмацілася… І раптам, у палоне гвалту, у стане непрытомнасці, ап’янення, палу і пакутаў, ён прыхіліўся да ліхтарнага слупа і, дрыжучы ўсім целам, прашаптаў:
«Герда!»
Ціха. Нідзе не было бачна ніводнага чалавека. Маленькі пан Фрыдэман схамянуўся і пайшоў далей. Ён прайшоў уверх па вуліцы, на якой знаходзіўся тэатр і якая даволі стромка збягала да ракі, а цяпер накіраваўся ў бок галоўнай вуліцы на поўнач, да свайго жытла.
Як яна паглядзела на яго! Як? Яна змусіла яго апусціць СКАЧАТЬ
24
Фрыдрых фон Тэльрамунд, граф Брабанцкі, дзейная асоба оперы "Лаэнгрын".