Вяртанне Ліліт. Юлія Шарова
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова страница 21

СКАЧАТЬ на дах. Лукаш заўсёды цягае ў заплечніку ломік і кусачы, а таксама набор адмыкачоў – не так ужо і цяжка разваліць замок на дзвярах, дзе ўваход забаронены.

      – Шыкоўна… – прамаўляе ён пазней, акідваючы позіркам начны горад.

      Ён сядзіць па-турэцку, заплюшчыўшы вочы. Тут, угары, так ціха, што нават чуваць, як вецер калмаціць ягоныя светлыя кудзеркі.

      – Ты хто такі?

      – Хлопец з сякімі-такімі здольнасцямі. У іншым звычайны. Ну, бацькі ў мяне са сваімі прыбабахамі. Хачу ўжо ад іх сысці, усё адно я сам сябе кармлю.

      Мілана сядае таксама і туліцца спінай да Лукаша. Адкуль гэтае дзіўнае спалучэнне дзіцячай наіўнасці і старэчай мудрасці? А яшчэ гэтая здольнасць прымаць чужы боль…

      – І, дарэчы, я не цікаўлюся дзяўчатамі, – абвяшчае Лукаш. – Таму калі ты меркавала мяне зняць…

      – Мела такую думку, – прызнаецца Мілана. – І ўсё ж: адкуль ты прыйшоў?

      Лукаш змоўк. А ягоная спадарожніца проста хацела пацверджання сваёй здагадкі.

      – Я – выгнаны з Раю, – урэшце прызнаўся ён.

      Гэтага і варта было чакаць. Мілана раней толькі чула пра існаванне такіх, як Лукаш, але сама ніколі не сустракала.

      – А пра мяне не хочаш спытаць?

      – Я не люблю задаваць пытанні, калі ведаю, што на іх не хочацца адказваць. Я здагадваюся, хто ты такая. Чуў пра цябе. Можаш не апавядаць, дзе ты зламала шыю.

      – Але можна я запытаюся? Табе паставілі ўмову наконт дзяўчат, так?

      Хлопец адно ўздыхнуў, і Мілана пашкадавала, што пацікавілася такімі відавочнымі рэчамі.

      – Такое правіла, – распачаў ён. – Я трымаюся ад іх як найдалей, каб не спакушацца. Фізіялагічна я звычайны хлопец, у мяне ўсё добра са здароўем, і гэта дзіка нязручна. Калі ў мяне з’явіцца дзяўчына і я не стрымаюся, тады я страчу свае здольнасці і памру, як чалавек, без права вярнуцца… Разумееш, мне тут кепска, асабліва ў гэтым горадзе, але я не маю права пакінуць яго надоўга – яшчэ адно правіла. Раней нікога з нас не скіроўвалі сюды. Нас надзвычай рэдка высылаюць на Зямлю, а каб яшчэ і ў гэтую краіну…

      – За што цябе так?

      – Выказаў сумнеў у вінаватасці Евы. Цяпер я змушаны ахоўваць край. Таму пераезд пад забаронай. І дзяўчаты таксама.

      Мілана болей не задае пытанняў. Калі робіцца ўжо зусім халодна, яна запрашае Лукаша ў госці. Мурмур некуды знік – яму часам хочацца пабыць на самоце, а можа быць, ён зноў залез у філармонію праз сутарэнне, каб паслухаць сімфанічны канцэрт. Вернецца ў полудзень, эстэт чортаў.

      Дзіўна: патрэбнага ёй сілкавання не было, але яна адчувае сябе адноўленай і бадзёрай. Мілана не пытаецца, як Лукашу гэта змаглося. Яны п’юць каву на кухні і не заўважаюць, што спакваля надыходзіць дзень.

      – Я люблю світанні і заходы, бо тады святло сустракаецца з цемрай, – сказаў Лукаш.

      – Мая хата з Новага года вызваляецца. Хочаш яе зняць і зваліць ад бацькоў?

      – Было б файна. СКАЧАТЬ