Название: Вяртанне Ліліт
Автор: Юлія Шарова
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-78-0
isbn:
Ён не ведаў, каму тэлефанаваць, бо не памятаў нават нумара ўласнай жонкі. Васіль Мікалаевіч ужо не быў упэўнены, што праз нумар 102 выклікаюць міліцыю, а не хуткую. Страх і паніка замяніліся разгубленасцю, а разгубленасць – незразумелай тугой. Ён залез з нагамі на ложак і скурчыўся ў позе эмбрыёна. Так ён і праляжаў да раніцы, пакуль не пачуў звон мабілкі. Гэта быў Правераны чалавек, але Васіль Мікалаевіч забыў ягонае імя. Няшчасны начальнік Упраўлення панёс нейкую лухту пра страшнага кажана, які будзе чакаць яго на дварэ. Потым пачаў прасіць, каб яму падрыхтавалі вольную камеру ў СІЗА КДБ, бо толькі там кажан яго не дастане.
Занепакоены Правераны чалавек прыляцеў на кватэру, у якой учора ўвечары пакінуў Мікалаевіча ў добрым здароўі і цвярозым розуме. Пабачыў шэфа і пачаў вагацца, ці не выклікаць яму псіхіятрычную брыгаду хуткай. Потым падумаў, што перадаваць палкоўніка ў рукі санітараў, ды яшчэ на чужой кватэры, будзе неасцярожна. Згроб Мікалаевіча ў ахапку і папёр на вуліцу. Той працягваў трызніць пра страшныя чырвоныя вочы кажана. Калі ж Правераны чалавек урэшце загрузіў яго ў машыну, Мікалаевіч ціхенька загугнявіў:
– Я – Раб, я – брудны чарвяк, я – чмо балотнае…
33
Транзіт Сатурна праз натальнае Сонца
Пераканаць Таню, каб прыняла даверанасць на кватэру, было досыць лёгка. І перадаць ёй ключы, каб хадзіла карміць Мурмура, – таксама нескладана. Мілана змушана імправізавала, бо ведала, што лік ідзе на дні.
Паводле легенды яна ехала за мяжу на дужа выгадную працу і чакала візы. Гэтую легенду яна пасля будзе так ці іначай падтрымліваць (мае адзін безаватарны акаўнт у сацыяльных сетках). З яго яна будзе пісаць Тані рукамі іншай носьбіткі, бо знікнуць назаўжды – гэта падазрона. Далей трэба зняць з рахунку ўсе грошы і перахаваць іх у зацішным месцы: яно знайшлося ў лесе непадалёк ад лецішчаў на аршанскім кірунку чыгункі.
Затым яна мусіла павыганяць з новае кватэры будаўнікоў, нават калі яны не паспелі нечага дарабіць. Брыгадзе яна заплаціла наперад і мовіла «да пабачэння». Будаўнікі тое ўпадабалі.
Мурмур трывожыўся, бо разумеў, што з сяброўкай адбываецца нядобрае. Мілана загадзя перавезла яго на новую кватэру і дзеля супакаення фамільяра пераначавала там, а потым вярнулася ў Дом-ля-стэлы.
З Таняй яна развіталася, калі зразумела, што выканаўцы ўжо ў Мінску і шукаюць яе. Цяпер яны не пакінуць цела і зробяць так, каб не засталося ніякіх слядоў. Гэта добра.
Кожны дзень можа стацца апошнім. Кожная гадзіна можа стацца апошняй.
Чаканне лёгка было б параўнаць з камерай смяротнікаў, але для Міланы яно болей выглядала на непрыемную аперацыю, праз якую абавязкова трэба праходзіць з той ці іншай перыядычнасцю. Толькі тут дакладна запланаванага часу няма.
Кватэрнай СКАЧАТЬ