Название: Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік)
Автор: Тарас Шаўчэнка
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Биографии и Мемуары
isbn: 978-985-7089-31-4
isbn:
У ссылцы Шаўчэнка мае зносіны з казахамі, кіргізамі, туркменамі, таджыкамі, каракалпакамі, узбекамі (усе народы пераважна называліся тады «кіргізамі», а таму і ў Шаўчэнкавых запісах і вершах знойдзем пераважна вызначэнне «кіргіз», часам «казах»), а таксама татарамі і башкірамі, якіх нямала было ў Казахстане. У паэзіі Шаўчэнкі нявольніцкіх гадоў знойдзем глыбокае спачуванне да бяспраўнага і гаротнага становішча каланіяльных народаў і адначасова любоў да іх, павагу да іх самабытнага свету і побыту: ні ценю нейкай перавагі, паблажлівасці або сентыментальнага захаплення, а стаўленне гуманнае і брацкае. Адной чалавечай мерай мерае ліха сваё, украінскае, і іхняе, і часам яму нават здаецца, што, пры ўсёй сваёй прыніжанасці і бяспраўі перад царскай бюракратыяй, яны ўсё-ткі, дзякуючы свайму натуральнаму вандроўнаму побыту і «нецывілізаванасці», менш аблытаныя ланцугамі рабства і хлусні: «Нашто ўжо ліха за Уралам кіргізам гэтым, але й там, Бог сведка, лепей жыць, Чым нам ва Украйне. Мо таму – кіргізы Йшчэ не хрысціяне?..» І ёсць яшчэ нейкая асаблівая інтымнасць у Шаўчэнкавым звароце да гэтай тэмы, калі ён звязвае з ёй свой любімы матыў «дум»: «Думы мае, думы мае, Вы мой скарб адзіны… Прылятайце, птушаняты, Ў гэты край пустэльны, З-за Дняпра майго сівога Пагуляць у стэпе З кіргізамі гаротнымі. У іх так убога, Нават гола… Ды на волі Ўсё ж моляцца Богу».
Што Шаўчэнка не толькі назіраў жыццё «кіргізаў», але і глыбока заклапочаны побытам, фальклорам, лёсам, што яму зразумелай і роднай была душа гэтага народа, пацвярджаюць і такія вершы, як «У Бога за дверима лежала сокира», дзе казахская фальклорная легенда выкарыстана для метафарычнага адлюстравання гістарычнай трагедыі народа, што стаў ахвярай царскіх сатрапаў, і яго спадзяванняў на лепшы лёс, – і шматлікія жывапісныя творы, алоўкавыя малюнкі і інш. Цёплым і людскім стаўленнем да казахскай беднаты прасякнутыя карціны: «Казахскі хлопчык распальвае печку», «Казахскі хлопчык дрэмле ля печкі», «Казахі каля агню», «Казашка»; дзясяткі пейзажаў, жанравых сцэн, партрэтаў паказваюць вялікую зацікаўленасць гісторыяй, звычаямі, бытам, помнікамі матэрыяльнай культуры, этнаграфіяй насельніцтва Казахстана і Сярэдняй Азіі. Па сутнасці, Шаўчэнка першы з такой паўнатой і яркасцю адлюстраваў прыроду і жыццё гэтага краю моваю пэндзля, і ўдзячныя казахі называлі яго заснавальнікам свайго нацыянальнага жывапіснага мастацтва (якога ў іх раней не было).
Вяртаючыся з ссылкі, Шаўчэнка і ў Астрахані, і ў Чабаксарах, і ў Казані, і ў Ніжнім Ноўгарадзе сутыкаўся з жыццём народаў Паволжа. У яго «Дневнике» знойдзем адпаведныя назіранні і спачувальныя запісы, яркія характарыстыкі гаротнага становішча паволжскіх народаў і каланіяльнай палітыкі самадзяржаўя, у прыватнасці гвалтоўнага ўкаранення казённага праваслаўя. Уражанні і разважанні аб ссылцы ўмацавалі і паглыбілі Шаўчэнкавае ўяўленне аб царскай Расіі як турме народаў.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, СКАЧАТЬ