Название: Маска Чырвонае Смерці (зборнік)
Автор: Эдгар Алан По
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
isbn: 978-985-90386-8-6
isbn:
Звярнуўшы ўвагу на ўсё гэта, я кароткай паркавай сцежкай пад’ехаў да дому. Служка прыняў майго каня, і я прайшоў пад гатычнымі скляпеннямі хола. Нячутна ступаючы, лёкай у поўным маўчанні правёў мяне праз шматлікія цёмныя і заблытаныя калідоры ў кабінет свайго гаспадара. Шмат з таго, што я бачыў, пакуль мы ішлі, усё больш нагнятала тыя няясныя адчуванні, пра якія я ўжо казаў. І хаця ўсё, што атачала мяне, – разьблёны арнамент столі, цёмныя габелены на сценах, гладкая чорная падлога, фантасмагарычная трафейная зброя, якая бразгатала, калі я праходзіў міма, – усё было (ці здавалася мне) знаёмым з дзяцінства, я, усведамляючы яго звычайнасць, са здзіўленнем адзначаў, якія неверагодныя фантазіі могуць абудзіць самыя звыклыя прадметы. На адной з лесвіцаў я сустрэў сямейнага доктара. На твары ягоным, як мне здалося, агідная хітрасць змешвалася з разгубленасцю. Ён усхвалявана прывітаў мяне і пайшоў далей. Лёкай тым часам расчыніў дзверы і абвесціў мой прыход.
Пакой, у якім я апынуўся, быў вельмі прасторны і высокі. Доўгія і вузкія спічастыя вокны былі так высока ад дубовай падлогі, што да іх немагчыма было дацягнуцца. Слабых чырванаватых промняў, што праходзілі праз закратаваныя вокны, было дастаткова, каб разгледзець найбольш буйныя прадметы, але позірк марна спрабаваў сягнуць аддаленых кутоў пакоя або паглыбленняў у скляпеністай, пакрытай разьбой столі. Цёмныя парцьеры завешвалі сцены. Старажытная мэбля была нязручнай і абшарпанай. Паўсюль ляжалі кнігі і музычныя інструменты, але яны не рабілі абстаноўку хоць на каліва больш жывою. Я адчуў, як мяне паглынае атмасфера скрухі. Усё поўніла і над усім панавала гнятлівая, глыбокая, несуцішная туга.
Калі я ўвайшоў, Ашэр падняўся з канапы, дзе да гэтага ляжаў расцягнуўшыся, і прывітаў мяне з той гарачай сардэчнасцю, у якой, як мне спачатку падалося, было шмат ад празмернай ветлівасці, змушаных высілкаў знуджанага сплінам свецкага чалавека. Але адзін позірк на Ашэра ўпэўніў мяне ў яго непадробнай шчырасці. Мы селі. Некалькі імгненняў, пакуль ён маўчаў, я глядзеў на яго са змяшаным пачуццём жалю і страху. Несумненна, ні адзін чалавек за такі кароткі час не мяняўся так жахліва, як Родэрык Ашэр! Цяжка было паверыць, што чалавек, які сядзіць перада мной, – сябар майго дзяцінства. І ўсё ж рысы ягоныя былі адметнымі і тады, і цяпер. Змярцвела-бледны твар; вялікія, ясныя, сваім бляскам ні з чым не параўнальныя вочы; вусны даволі тонкія і практычна бяскроўныя, але незвычайна прыгожых абрысаў; тонкі габрэйскі нос, але з зашырокімі для такой формы ноздрамі; цудоўна вылепленае падбароддзе недастаткова выступае наперад, што сведчыць пра недахоп душэўных сілаў; валасы, мякчэйшыя і танчэйшыя за павуціну, – гэтыя рысы ў спалучэнні з празмерна высокім ілбом нялёгка было забыць. СКАЧАТЬ