Маска Чырвонае Смерці (зборнік). Эдгар Алан По
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Маска Чырвонае Смерці (зборнік) - Эдгар Алан По страница 8

СКАЧАТЬ паводзіны барона самаўзвышэннем і пыхлівасцю. Іншыя (і сярод іх варта згадаць сямейнага лекара) не вагаючыся абвінавачвалі хваравітую меланхолію і нездаровую спадчыннасць. Між простага люду хадзілі яшчэ змрачнейшыя, вельмі двухсэнсоўныя чуткі.

      Упартая прыхільнасць барона да нядаўна знойдзенага скакуна – прыхільнасць, якая, здавалася, ад кожнага пацверджання лютага і дэманічнага нораву жывёліны толькі мацнела, – у вачах разважлівых суседзяў ператварылася ўрэшце ў агідную і ненатуральную жарсць. У святле дня ці ў глухую гадзіну ночы, у хваробе і здароўі, у пагоду і непагадзь, у месяцавым ззянні і змроку малады Метцэнгерштэйн здаваўся прыкаваным да сядла каня-волата, нескароная смеласць якога так добра адпавядала яго ўласнаму нораву.

      Былі да таго ж абставіны, якія разам з апошнімі падзеямі надавалі і маніі вершніка, і здольнасцям скакуна нейкі звышнатуральны і злавесны сэнс. Калі хтосьці акуратна замераў адлегласць, якую конь пераадольвае адным скачком, выявілася, што яна нашмат перавышае самыя смелыя чаканні людзей з самым бурным уяўленнем. Барон, дарэчы, так і не даў жывёліне імені, хаця астатнія гадаванцы яго багатай стайні насілі вельмі трапныя мянушкі. Стойла новага ўлюбёнца месцілася воддаль ад стайні, а што да догляду, дык ніхто, апроч гаспадара, не насмельваўся наблізіцца да жывёліны ці хаця б увайсці да яе ў загарадзь. Заўважылі таксама, што хоць тры стайнікі, якія злавілі каня, калі ён ратаваўся ад пажару ў Берліфітцынгаў, і здолелі затрымаць яго з дапамогай ланцуговай аброці і аркана, ніводзін з іх не мог дакладна сказаць, што ў час небяспечных ловаў ці пасля яму давялося хаця б дакрануцца да цела пачвары. Праявы своеасаблівага розуму ў паводзінах высакароднага і гарачага скакуна наўрад ці маглі абудзіць празмерную цікаўнасць, асабліва сярод людзей, якія штодня дапамагалі на паляваннях і таму прызвычаіліся да праніклівасці коней, але асобныя выпадкі ўражвалі нават самых абыякавых скептыкаў: хадзілі чуткі, што часам жывёліна, шматзначна і выразна тупаючы жудасным капытом, прымушала натоўпы цікаўных у ціхім жаху разбягацца, і тады нават сам Метцэнгерштэйн бляднеў і нібыта курчыўся пад рэзкім, пранізлівым позіркам сур’ёзных і амаль чалавечых вачэй.

      Аднак ніхто са світы барона не сумняваўся ў шчырасці незвычайнае прыхільнасці, з якой малады дваранін ставіўся да гарачага наравістага каня, – ніхто, апроч, бадай, нікчэмнага брыдкага пажа, якім усе пагарджалі і чыё меркаванне лічылася менш чым нязначным. І вось ён (калі яго думкі ўвогуле вартыя згадкі) меў нахабства сцвярджаць, што гаспадар ніколі не заскоквае ў сядло без невытлумачальнага і амаль незаўважнага трымцення і што, вярнуўшыся са звыклай ужо доўгай коннай прагулкі, барон нават не хавае выразу злоснага трыумфу, які скажае ўвесь яго твар.

      У адну рабінавую ноч Метцэнгерштэйн абудзіўся ад цяжкага гнятлівага сну, з вар’яцкай хуткасцю спусціўся ўніз і, паспешліва ўскочыўшы на каня, рушыў у лясныя нетры. Начныя прагулкі былі звыклай справай, а таму ні ў кога не выклікалі здзіўлення. Аднак калі праз некалькі гадзінаў тоўстыя велічныя СКАЧАТЬ