Название: Маска Чырвонае Смерці (зборнік)
Автор: Эдгар Алан По
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
isbn: 978-985-90386-8-6
isbn:
«Магчыма, – разважаў я, – будзе дастаткова штосьці змяніць у краявідзе, па-іншаму спалучыць элементы пейзажу – і скрушнасць уражання зменшыцца, а можа, і зусім знікне».
І, падумаўшы так, я скіраваў каня да стромага берага злавеснага чорнага возера, што застыла ў бляску і нерухомасці недалёка ад будынка, і пільна ўгледзеўся, чамусьці з яшчэ большым трымценнем, у перакуленыя і скажоныя адлюстраванні шэрай асакі, прывідных камлёў і пустых вокнаў-вачніцаў.
Тым не менш у гэтым валадарстве змроку я збіраўся спыніцца на некалькі тыдняў. З гаспадаром дому Родэрыкам Ашэрам мы былі блізкімі сябрамі ў дзяцінстве, але з нашай апошняй сустрэчы прайшло шмат гадоў. Нягледзячы на гэта, ліст ад яго дагнаў мяне днямі ў аддаленай частцы краіны, ліст усхваляваны і настойлівы, які не дапускаў ніякага адказу, апроч сустрэчы. Пасланне гэтае сведчыла пра нервовае ўзбуджэнне. Аўтар яго пісаў пра цялесную нядужасць, пра разумовы разлад, які яго прыгнятае, пра гарачае жаданне бачыць мяне, свайго найлепшага, больш за тое – адзінага блізкага сябра; пра спадзяванне, што мая жыццярадаснасць і маё таварыства прымусяць ягоную хваробу адступіць. І тон, у якім усё гэта і многае іншае было сказана, і відавочная палымянасць ягонай просьбы не пакідалі месца для ваганняў – і я прыняў запрашэнне, якое ўсё яшчэ лічыў вельмі дзіўным.
Нягледзячы на тое, што нашыя стасункі ў дзяцінстве можна было нават назваць блізкімі, я няшмат ведаў пра свайго сябра. Ён заўсёды быў надзвычай замкнёны. Тым не менш мне даводзілася чуць, што прадстаўнікі ягонага старажытнага роду здаўна вылучаліся празмернай чуллівасцю тэмпераменту, які цягам стагоддзяў знаходзіў увасабленне ў творах высокага мастацтва, а з некаторага часу выяўляўся ў пастаяннай і шчодрай, але ненавязлівай дабрачыннасці, як, дарэчы, і ў гарачай прыхільнасці не столькі да звыклай і лёгкапазнавальнай, колькі да вышукана прыгожай музыкі. Калісьці я даведаўся таксама пра той цікавы факт, што генеалагічнае дрэва асвечанага стагоддзямі роду Ашэраў ніколі не давала моцных галінаў; іншымі словамі, род працягваўся толькі па асноўнай лініі, і так было, за выняткам некалькіх нязначных і недаўгавечных адхіленняў, СКАЧАТЬ