Название: Надбярэзінцы
Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-14-8
isbn:
І здзіўляўся, што яго так доўга ніхто не адведвае.
Потым надышла чаканая Масленіца. Вакацыі пачыналіся ў суботні полудзень і доўжыліся восем дзён.
Раніцай у суботу настаўнік на трэцім уроку раздаваў вакацыйныя заданні. Хлопцы нецярпліва тупалі нагамі, рыхтык коні на стайні.
Нечакана адчыніліся дзверы, і ў клас зайшоў нейкі вельмі ўжо важны барын. У доўгім, аж да костачак, футры з раскошным куніцавым каўняром і ў дарагой каракулевай шапцы. Меў вострую бародку і прыгожа падкручаныя вусы. Зняў шапку – а там плёх.
Настаўнік ліхаманкава ўскочыў.
– Устаць! – крыкнуў ён дзецям і ціхенька дадаў: – Інспектар.
– Здравствуйте, дети, – сказаў інспектар.
– Здраствуйце, гаспадзін! Здравствуйце, гаспадзін інспектар! – бязладна замармыталі знянацку заспетыя вучні.
Павітаўшыся з настаўнікам, інспектар выказаў здзіўленне такой вялікай колькасці дзяцей у школе. Зняў – з руплівай дапамогай настаўніка – футра, склаў яго на крэсла, пацёр рукі, некалькі разоў прайшоўся па пакоі, таго-сяго пагладзіў па галаве, спытаў, які аддзел дзе сядзіць, і пачаў праверку. Пытаў двух-трох з кожнага аддзела, спачатку чытанне, потым пісьмо, зазіраў у сшыткі. Пад канец перайшоў да вусных пытанняў – некалькі па кожным прадмеце. Пачаў з першага аддзела, дзе наймалодшыя мелі дзесяць гадоў, а збольшага сядзелі хлопцы дужыя, гадоў па трынаццаць і болей, некаторыя ўжо нават за плугам хадзілі і з касой упраўляліся.
– Слухайце, дзеці, – казаў інспектар. – У бацькі было чатыры сыны і тры дачкі. Колькі ўсіх дзяцей?
– Сем! – загучаў хор галасоў.
– Вот малайцы! – пахваліў інспектар. – Сядайце. Колькі фунтаў у пудзе? – звярнуўся ён да другакласніка.
– Сорак! – адказаў клас у адзін голас.
– Добра. А што цяжэйшае, дрэва ці пух?
– Дрэва! – зноў разам адказалі дзеці.
– Добра. А што больш заважыць: пуд дрэва, пуд пуху ці пуд жалеза?
– Жалеза!
– Аслы якія! А можа, хто іначай думае?
Некалькі вучняў разам са Стахам паднялі рукі.
– Што цяжэйшае? – выклікаў інспектар хлопца, што сядзеў сама блізка ад яго.
– Дрэва! – быў адказ.
– Яшчэ большы асёл.
Астатнія рукі спуджана апусціліся. Засталася толькі Стахава.
– А ты як думаеш?
– Пуд пуху, пуд дрэва і пуд жалеза заважаць аднолькава.
– Як такое можа быць? Жалеза ж цяжэйшае.
– Так, але на пуд маленькі кавалак спатрэбіцца.
– Вось ты адзін і маладзец. СКАЧАТЬ