Название: Надбярэзінцы
Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-14-8
isbn:
У такіх абставінах Стах нават падумаць не мог пра тое, каб прызнацца ў сваіх правінах, і спадзяваўся, што пакуль вакацыі, настаўнік яму даруе і зусім на яго справу забудзецца.
Пасля Трох Каралёў[7] у Вончу яго павёз дзядзька Марцін, які на пажары апёкся менш за ўсіх. Па дарозе ён вучыў хлопца ў школе быць уважлівым, паслухмяным, пакорлівым, каб не змарнаваць заплачаных за яго грошай, яшчэ даражэйшых цяпер, калі агонь знішчыў палову ўраджаю.
Стах слухаў дзядзькавы наказы безуважна і маліў Бога, каб у настаўніка аказалася кароткая памяць, усю дарогу, а потым яшчэ ўвесь вечар і ўсю наступную раніцу, пакуль не заняў сваё месца ў класе.
Праз агромністыя сумёты вучняў было няшмат, а тыя, што прыйшлі, былі вясёлыя і гаманкія: хваліліся, хто колькі сала з’еў, хто калядаваць хадзіў з зоркай, хто з казой, хто з мядзведзем.
Настаўнік таксама прыйшоў у надзвычай добрым настроі, размаўляў з дзецьмі пра вакацыі і ўсміхаўся. У Стаха прамільгнуў праменьчык надзеі.
Правяраючы прысутных, Грывень назваў і яго:
– Станіслаў Балашэвіч.
– Есть! – падскочыў Стах.
– Ну што, быў бацька ў свяшчэнніка?
– Не, гаспадзін учыцель, – прызнаўся хлопчык.
– Не быў? Гэта чаму ж?
– Не сказаў бацьку я пра гэта, баяўся, што паб’е.
– Не сказаў? – паўтарыў настаўнік такім тонам, быццам толькі што выкрыў ману. – Ведаю я вашу хітрасць, шляхта фанабэрыстая. Вы проста выбачацца перад праваслаўным свяшчэннікам не хочаце. Ладна, можаш сабе далей сядзець як балван.
Стах бяссільна сеў на лаву, адчуўшы сябе самым няшчасным у свеце хлопчыкам.
На першым перапынку да яго падышла Галіна.
– Што, праўда не сказаў? – запытала яна.
– Не сказаў, Галінка, збаяўся.
– Што ж твой бацька за кат такі?
– Ну… строгі ён, а тут яшчэ няшчасце – на другую куццю нас гады-нітаўцы спалілі.
– Спалілі?! Зусім?
– Гумно са снапамі згарэла, пуня з кормам і стагі. Галінка, сястрычка залаценькая, што ж мне рабіць цяпер?
– Не гоняць, дык сядзі і вучыся. Глядзі, што іншым задаюць, і тое ж рабі.
Стах да парады прыслухаўся і вучыўся што было сілаў. Увесь час па-за школай ён згадваў настаўніцкія тлумачэнні і рабіў заданні. СКАЧАТЬ
7
Тры Каралі – апошняе свята каляднага цыклу, якое каталікі адзначаюць 6 студзеня.