Название: Надбярэзінцы
Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-14-8
isbn:
– Дык ты на дубе быў? – усклікнуў Балашэвіч. – Марыя святая, ён жа ледзь стаіць. Божа мой! Пане Пятроўскі, зірні!
– Дзіва вялікае, што ён яшчэ стаіць, – дадаў Пятроўскі, убачыўшы, наколькі пасечаны камель. – Авохці, гэта ж калі б з вышыні, смаркач бы ў блін разбіўся.
– Разбіўся б дакладна. У мяне дрыжыкі па ўсім целе прайшлі. Бедны хлопча, – прытуліў унука Балашэвіч. – Якога ж страху ты нацярпеўся. Але і шчасце тваё вялікае.
– Вялікае шчасце! Як на мяне, тое знак Божы. Знак, што смаркач важным чалавекам будзе. Вось пабачыце.
– Можа быць, – згадзіўся стары, крыху падумаўшы. – Магчыма, Бог паможа наш намер споўніць. Мы думаем яго на ксяндза вучыць. Калі б не сённяшняе няшчасце, ужо гэтай восенню аддалі б яго ў Вончу.
IV. У школу
Вонча. Старажытная сяліба над самай рэчкай. Мясцовасць вышынная, палі спадзістыя, ураджайныя, амаль як слуцкія. За ракою – бяскрайнія лясы. Калісьці гэта былі вёска і двор, уласнасць аднаго з самых заможных магнатаў у Рэчы Паспалітай. Вонча была драбніцаю пасярод незлічоных вёсак у запамарочным магнацкім багацці. Але яна адрознівалася ад астатніх тым, што амаль кожнае зімы сюды зазіраў сам уласнік – з войскам на паляванне прыязджаў. Большых лясоў на ўсіх крэсах не было, і нядзіўна. Нават цяпер, калі тыя лясы за рэчкаю ўжо добра патрапаныя, амаль штозімы тут забіваюць мядзведзя (у Смалярскай пушчы), любы можа лася ці рысь пабачыць, што ўжо казаць пра даўнія часы, калі на сорак вёрстаў палянкі было не знайсці. Ох і ёсць што тут паслухаць ад старых людзей – яны вам апавядуць быліцы пра тыя гучныя зборы і ловы. Але пакінем тое, бо цяпер мусім расказваць пра час цяперашні.
Цяпер Вонча – мястэчка, такіх на крэсах шмат. Драўляныя пабудовы, вуліцы без бруку і без ходнікаў. Шмат габрэяў, крамы, рамеснікі, млын, царква, манаполька, пошта, сінагога і народная школа на чатыры класы, адзіная на трыста пяцьдзясят квадратных вёрст. Будынак – невялічкі, старасвецкі, амаль такі самы, як дыхтоўная гаспадарская хата: па адным баку – навучальны клас з нізкай столлю, па другім – настаўніцкае памяшканне з вялікай печкай пасярэдзіне, сенцамі і кладоўкай. У школе паўтараста дзяцей, падзеленых на чатыры класы ці, як іх называюць, аддзелы, і адзін настаўнік. Паводле нацыянальнасці дзеці размеркаваліся так: габрэяў – шаснаццаць адсоткаў, палякаў – дванаццаць, татараў – чатыры, а астатнія ўсе – беларусы ці стараверы. У габрэяў у мястэчку свая школа была, але некаторыя хлопцы, каб падвучыць мову, хадзілі і да расійскай. У раёне Вончы палякаў жыло шмат, а мізэрны працэнт польскіх навучэнцаў тлумачыўся тым, што былі яны раскіданыя па ўсёй шырокай ваколіцы, па хутарах і засценках, часам у глухіх, недаступных закутках. Таму ў школу дзяцей аддавалі тыя, хто не скнарнічаў і ў каго хапала на аплату кватэры дзецям у самім мястэчку і на харчаванне, а не тыя, хто да воласці не належаў і не меў пяці рублёў аддаць за навуку. Былі і іншыя прычыны, якія адпужвалі іншаверцаў ад расійскай дзяржаўнай СКАЧАТЬ