Название: Надбярэзінцы
Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-14-8
isbn:
І нітаўцы, відавочна ўражаныя хвацкасцю рагоўцаў, якой яны ў іх не падазравалі, і ярасцю, з якою тыя біліся, пачалі адступаць да берага. Але, заўважыўшы, што рагоўцы свядома стараюцца не біць насмерць, што амаль кожны з паваленых вяскоўцаў падымаецца сам і што некаторыя з іх нават зноў кідаюцца ў бойку, асмялелі і перайшлі ў наступ. Ужо больш чым паўсотні іх перабегла праз рэчку. Старэйшыя пад’юджвалі маладзейшых:
– Сорам нам будзе, хлопцы, калі мы такім гуртам не дамо рады чатыром ляхам! Смялей бярыцеся! Біце чым папала! Не здавайцеся! Яны мяцежнікі! Мы – рускія людзі! Бяромся, рабяты!
І яны зноў узялі рагоўцаў у колца. Мацнейшыя схапілі дубіны, астатнія білі кавалкамі дрэва. За некалькі хвілінаў расхапалі, разламалі на кавалкі цэлы адонак. Кідаліся на рагоўцаў і вішчалі як шалёныя, раз-пораз наносячы ўдары. Маталах зайшоў з тылу і выцяў Уладзя сякераю, цяжка параніўшы таго ў сцягно. Ад болю Уладзь аж падскочыў, але не ўпаў: падхапіў сякеру, адбег да брата і пад яго прыкрыццём засунуў яе сабе за пояс. Потым адной рукой заціснуў рану, а ў другой трымаючы кій, далей малаціў ворага – Уладзь быў моцны і спрытны, як ніхто з Балашэвічаў.
Адзін з важакоў ударыў сякераю Броніка, але схібіў: сякера трапіла абухам у грудзі і ўпала. Бронік нахіліўся, каб па прыкладзе брата яе падхапіць, – і атрымаў зверху дубінаю па галаве, зарыўшыся носам у зямлю. Раз’ятраныя нітаўцы абляпілі яго, нібыта крумкачы падліну, і давай бязлітасна лупіць ляжачага.
Уладзь схапіў кол абедзвюма рукамі і кінуўся брату на ратунак. Падскочылі і Людвік з Саўкам. Апошні ад выгляду крыві і сякераў раз’юшыўся як дзікі звер.
– Заб’ю, ей-богу заб’ю! – роў ён. – Калі вы тапарамі, дык і я насмерць!
Ён некалькі разоў лупануў паленам і разагнаў набрыдзь. Уладзь падняў параненага брата, узяўшы адной рукой падпахі праз плечы, а другой заціснуўшы ўласную рану, і, абараняючыся ад разлютаванага натоўпу, рушыў да грэблі да сваіх.
Тыя ўжо беглі ім насустрач, бо далей трымаць мост не было сэнсу. Дабегшы, наскокам разарвалі колца нападнікаў і, злучыўшыся разам, па канюшыне, што расла паміж лугам, садам і агароджаю, пачалі адступаць да плоту.
Барукацца з такім натоўпам было немажліва, таму толькі бараніліся, увесь час круцячы млынкі і трымаючыся шчыльным колам, каб іх не атакавалі з тылу. І толькі Саўка, якога стогны параненых гаспадароў уганялі ў шаленства, раз-пораз ярасна кідаўся да злачынцаў і, пляжачы СКАЧАТЬ