Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл страница 14

СКАЧАТЬ загарэлае і таксама праколатае. Мяркую, гэтыя людзі мёртвыя, іначай мы б ужо пра іх пачулі. Сёння пятніца. Пасылку адправілі ў чацвер раніцай, такім чынам, трагедыя здарылася ў аўторак-сераду альбо раней. Калі гэтыя два чалавекі мёртвыя, хто, як не іх забойца, даслаў міс Кушынг сведчанне свайго ўчынку? Дапускаем, што адпраўнік пакета – той, хто нам патрэбны. Але ў яго мусілі быць важкія прычыны даслаць усё гэта менавіта ёй. Што ж за прычыны? Відавочна, ён хацеў сказаць, што справа зробленая… альбо каб ёй стала балюча. Але ў такім выпадку яна павінная ведаць, хто гэта. А яна ведае? Сумняюся. Калі яна ведала, навошта пазваніла ў паліцыю? Самым разумным было б проста закапаць гэтыя вушы – і яна б так і зрабіла, калі б хацела выгарадзіць забойцу. А калі б не хацела, то сказала б яго імя. Гэтай блытанінай варта заняцца.

      Холмс гаварыў хутка і звонка, уважліва гледзячы на верх садовай агароджы, але тут жыва ўскочыў і пабег у дом.

      – У мяне некалькі пытанняў да міс Кушынг, – сказаў ён.

      – Тады я вас тут пакіну, – сказаў Лестрад, – бо ў мяне яшчэ адна справа. Думаю, ад міс Кушынг я не даведаюся нічога новага. Знойдзеце мяне ў паліцэйскім участку.

      – Мы зазірнем па дарозе на цягнік, – адказаў Холмс. Праз хвілю мы з ім вярнуліся ў гасцёўню, дзе ціхамірная лэдзі дагэтуль спакойна абшывала сваю сурвэтку.

      Калі мы зайшлі, яна паклала яе на калені і паглядзела на нас прыязнымі і праніклівымі блакітнымі вачыма.

      – Я ўпэўненая, сэр, – сказала яна, – што ўсё гэта памылка, і скрынка прызначалася не мне. Я некалькі разоў сказала гэта джэнтльмену са Скотланд-Ярда, але ён толькі пасмяяўся. У мяне няма ніводнага ворага, наколькі я ведаю, дык навошта камусьці так з мяне жартаваць?

      – Я схіляюся да такой самай думкі, міс Кушынг, – адказаў Холмс, усаджваючыся на крэсла побач. – Думаю, больш чым імаверна, што… – ён запнуўся, і я быў уражаны, убачыўшы, што ён з выключнай цікаўнасцю разглядае профіль жанчыны. Здзіўленне і радасць у адзін момант прамільгнулі на яго напружаным твары, але калі міс Кушынг пачала азірацца ў пошуках прычыны яго раптоўнага маўчання, Холмс выглядаў гэткім жа спакойным, як заўсёды. Я ўважліва паглядзеў на яе пакой, на яе пасівелыя валасы, на яе акуратны каптур, на маленькія пазалочаныя завушніцы і спакойны твар, але не ўбачыў нічога, што магло б так відавочна ўсхваляваць майго сябра.

      – У мяне пара пытанняў…

      – Ох, я так стамілася ад пытанняў! – нецярпліва ўсклікнула міс Кушынг.

      – Наколькі я разумею, у вас дзве сястры.

      – Як вы пра гэта даведаліся?

      – Я хуценька агледзеў пакой, калі заходзіў, і ўбачыў, што вунь там, на каміннай паліцы, у вас стаіць здымак трох лэдзі, адна з якіх дакладна вы, а астатнія да вас так падобныя, што ў сваяцтве можна не сумнявацца.

      – Так, вы маеце рацыю. Гэта мае сёстры Сара і Мэры.

      – А вось тут, ля майго локця, іншы здымак, зроблены ў Ліверпулі: вашая малодшая сястра разам з мужчынам, мяркуючы па форме, сцюардам. СКАЧАТЬ