Название: Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік)
Автор: Артур Конан Дойл
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Классические детективы
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
isbn: 978-985-7119-99-8
isbn:
– Гэта было першае звяно ў ланцугу маіх дэдуктыўных развагаў. Парашковы опій не прэсны. Смак не такі ўжо брыдкі, але яго можна адчуць. Калі яго падмяшаць у звычайную страву, яго дакладна заўважаць і, хутчэй за ўсё, болей есці не будуць. А вось кары дакладна замаскіруе гэты смак. Фіцрой Сімпсан, чужы чалавек у доме, ніяк не мог арганізаваць прыгатаванне кары тым вечарам, і зусім неверагодна, што страву, якая магла б адбіць падазроны смак, абсалютна выпадкова падалі на вячэру акурат тады, калі ён завітаў з парашковым опіем. Гэтага быць не можа. Таму Сімпсан выключаецца з падазраваных, а нашую ўвагу займаюць Стрэйкер і ягоная жонка, адзіныя людзі, якія маглі б выбраць кары з бараніны на вячэру тым днём. Опій дадалі пасля таго, як порцыю адклалі для памочніка конюха, бо астатнія елі на вячэру тое ж самае без шкодных наступстваў. Хто з іх мог падсыпаць парашок так, каб не заўважыла пакаёўка?
Каб адказаць на гэтае пытанне, варта звярнуць увагу на красамоўнае маўчанне сабакі, бо з адной правільнай высновы нязменна вынікае іншая. З гісторыі пра з’яўленне Сімпсана вядома, што на стайнях трымалі сабаку. Але калі нехта зайшоў і вывеў каня, сабака не забрахаў і не разбудзіў двух памочнікаў на гарышчы. Відавочна, апоўначы завітваў нехта, каго ён добра ведаў.
Я быў ужо ўпэўнены ці амаль упэўнены, што менавіта Джон Стрэйкер прыйшоў на стайні ў глухую ноч і вывеў Срэбнага Месяца. З якой мэтай? Відавочна, з несумленнай, інакш навошта яму было труціць свайго ўласнага памочніка? І ўсё ж я не зусім разумеў прычыны. І да гэтага здарэння бывала такое, што трэнеры праз агентаў ставілі велізарныя сумы грошай супраць сваіх коней, а потым з дапамогай нейкага махлярства перашкаджалі ім выйграць. Часам каня прытрымліваў жакей. Часам падман быў больш тонкі і надзейны. Але што ж тут? Я спадзяваўся, што змест ягоных кішэняў дапаможа мне зрабіць правільную выснову.
Так і атрымалася. Вы, вядома ж, не забыліся на той адметны нож, які знайшлі ў руцэ забітага. Разважліваму чалавеку ніколі не прыйдзе на розум узяць яго за зброю. Такі кшталт нажоў, як паведаміў нам доктар Ўотсан, выкарыстоўваецца для найдалікатнейшых аперацый у хірургіі. Яго і збіраліся скарыстаць для далікатнай аперацыі той ноччу. З вашым шырокім досведам у іпадромных пытаннях, палкоўнік Рос, вы напэўна ведаеце, што можна крыху падрэзаць сухажылле каня пад сцягном, пад скурай, так, што ніякіх слядоў не застанецца. Конь пры гэтым пачне крыху кульгаць, што спішуць на расцягненне падчас практыкаванняў ці сімптом рэўматызму, але ніколі не западозраць несумленнай гульні.
– Ліхадзей! Нягоднік! – выгукнуў палкоўнік.
– Цяпер у нас ёсць тлумачэнне таго, навошта Джону Стрэйкеру было выводзіць каня на тарфянікі. Такі гарачы скакун дакладна разбудзіў бы і мёртвага, калі б адчуў укол нажа. Абсалютна неабходна было рабіць гэта на адкрытым паветры.
– Я быў проста сляпы! – абурыўся палкоўнік. – Ясна, навошта яму спатрэбіліся свечка і запалкі!
– Несумненна. Але падчас агляду яго маёмасці мне пашанцавала выявіць не толькі СКАЧАТЬ