Название: Голад (зборнік)
Автор: Кнут Гамсун
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Noblesse Oblige
isbn: 978-985-7165-10-0
isbn:
– Мне, няхай будзе вам вядома, патрэбны чалавек, які ніколі не робіць памылак у ліках, – сказаў ён. – А папраўдзе, мне дык шкада: у вас такі выразны почырк, і наогул ваш ліст мне спадабаўся, але ж…
Я пачакаў трохі: мне цяжка было паверыць, што гэта яго апошняе слова.
Ён зноў заняўся сваімі пакетамі.
– Сапраўды, гэта прыкра, вельмі прыкра, але паверце, такое ніколі больш не паўторыцца, бо нельга ж праз нязначную апіску лічыць мяне зусім непрыдатным да працы бухгалтара.
– Я гэтага і не лічу, – адказаў ён. – Але ў тую хвіліну я надаў гэтаму такое значэнне, што адразу ўзяў на працу іншага.
– Гэта значыць, што месца занятае? – спытаўся я.
– Занятае.
– Ах ты Божа ж мой, значыць, нічога ўжо не зробіш!
– Нічога. Мне вельмі шкада, але…
– Бывайце! – сказаў я.
Звярыная лютасць авалодала мною. Я забраў сваю коўдру са схованкі, сціснуў зубы, паляцеў прэч, штурхаючы звычайных людзей на вуліцы і не просячы ў іх прабачэння. Калі ж нейкі спадар спыніўся і зрабіў мне досыць суровую заўвагу, я павярнуў да яго галаву і выгукнуў яму проста ў вуха нейкую бязглуздзіцу, патрос кулакамі перад самым яго носам і пайшоў далей, аслеплены шаленствам, якому быў не ў змозе даць рады. Ён паклікаў паліцыянта, і ў гэтай хвілі мне больш за ўсё захацелася справакаваць з тым паліцыянтам бойку: я наўмысна запаволіў крокі, каб мяне маглі дагнаць, але паліцыянт не з’явіўся. Ці быў ва ўсім гэтым хоць які сэнс, калі ўсе мае самыя гарачыя, самыя рашучыя спробы нешта зрабіць заканчваліся няўдачаю? Чаму я напісаў тое 1848? На што здаўся мне гэты пракляты год? Цяпер я быў такі галодны, што ў мяне кішкі пачыналі маршы граць, пры гэтым мне не даводзілася і спадзявацца, што сёння я здабуду хоць крыху якой ежы. І чым даўжэй я знаходзіўся ў гэткім стане, тым больш я адчуваў сябе вычарпаным і духоўна, і фізічна; усё гэта мацней і мацней схіляла мяне да не надта годных учынкаў. Я хлусіў не міргнуўшы вокам, я не выплаціў беднай жанчыне належнай сумы за кватэру, мне нават прыйшла ў галаву паскудная думка скрасці чужую коўдру – і ў мяне не было аніякага раскаяння, ані каліва сораму. Я пачаў раскладацца знутры, ува мне разрасталася нейкая чорная цвіль. А там, на нябёсах, сядзеў Госпад і не спускаў з мяне вачэй, ён сачыў, каб мая пагібель адбылася паводле ўсіх правілаў – павольна, паступова і няўхільна. Але ў пекле мітусіліся зласлівыя д’яблы: яны проста шалелі ад нецярплівасці, бо я так доўга не здзяйсняў смяротнага граху, за які Бог па справядлівасці зрынуў бы мяне ў пекла…
Я паскорыў крокі, мала што не пабег, потым нечакана завярнуў налева і ў дзікім абурэнні апынуўся перад ярка асветленым, прыгожым пад’ездам; я не спыніўся, не апамятаўся ні на хвіліну, але дзіўная пышнасць пад’езда імгненна адбілася ў маёй памяці: кожная драбяза, усе аздобы стаялі ў мяне ўваччу, пакуль я бег сходамі ўгару. На другім паверсе я рэзкім рухам пазваніў. Чаму я спыніўся менавіта на другім паверсе? І чаму я схапіўся за самы далёкі СКАЧАТЬ