Голад (зборнік). Кнут Гамсун
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Голад (зборнік) - Кнут Гамсун страница 11

СКАЧАТЬ у рэдакцыю раней за дзесяць ці нават да адзінаццатай, а пакуль даводзілася бадзяцца вуліцамі і разважаць, якім чынам здабыць сабе што-небудзь на сняданак. Зрэшты, я не баяўся ў той вечар застацца без яды; гэтыя часы, дзякуй Богу, прамінулі! Усё тое ўжо перажытае, скончылася, як кепскі сон, цяпер мае справы пайшлі ўгару!

      Пад пахай у мяне была зялёная коўдра, і праз гэта я адчуваў сябе няёмка: проста неймаверна нязручна насіць такі скрутак на вачах у людзей. Што яны сабе падумаюць? Я пачаў шукаць месца, дзе можна было б пакінуць яго на час. Раптам мне прыйшло ў галаву, што я магу зайсці ў краму да Семба і папрасіць загарнуць коўдру ў паперу; мой скрутак адразу займее прыстойны выгляд, і мне няма чаго будзе саромецца. Я зайшоў у краму і звярнуўся са сваёй просьбаю да аднаго з прыказчыкаў.

      Ён зірнуў спачатку на коўдру, потым на мяне; мне здалося, што ён пагардліва паціснуў плячыма, прымаючы скрутак. Гэта мяне зачапіла.

      – Памалу, чорт пабірай! – усклікнуў я. – Тут загорнутыя дзве каштоўныя вазы, бо гэтая пасылка адправіцца ў Смірну.

      Мая прыдумка ўдалася як найлепей. Цяпер у прыказчыка быў вінаваты выгляд: ён нібы маліў дараваць яму тое, што ён не адразу зразумеў, які гэта каштоўны скрутак. Калі ён скончыў, я падзякаваў яму з такім выглядам, нібы ўжо не раз пасылаў у Смірну ўсялякія каштоўнасці; прыказчык нават праводзіў мяне да парога і адчыніў перада мною дзверы.

      Я адправіўся на Вялікі рынак і пачаў блукаць у натоўпе, імкнучыся трымацца бліжэй да жанчын, што прадавалі кветкі ў вазонах. Цяжкія, чырвоныя ружы, якія вільготна пунсавелі ў ранішнім паветры, цвялілі мяне, выклікалі спакусу сарваць адну кветачку, і я пытаўся пра цану, карыстаючыся нагодаю падысці бліжэй. Калі б у мяне былі грошы, я купіў бы ружу, не задумваючыся: каб кампенсаваць такія выдаткі, я мог бы ў чым-небудзь абмежаваць сябе.

      Была ўжо дзясятая, і я пайшоў у рэдакцыю. Чалавек-нажніцы корпаецца ў жмуце старых газет, рэдактар яшчэ не прыходзіў. Мне прапануюць пакінуць мой грунтоўны рукапіс, а я даю зразумець, што гэта не нейкая звычайная пісаніна, таму пераканаўча прашу перадаць яе рэдактару проста ў рукі. Пазней, на працягу дня, я сам зайду па адказ.

      – Добра! – сказаў чалавек-нажніцы і зноў узяўся за свае газеты.

      Мне падалося, што ён паставіўся да справы занадта спакойна, але я прамаўчаў, з удаванай абыякавасцю кіўнуў яму і пайшоў.

      Цяпер у мяне было шмат вольнага часу. Хоць бы неба паяснела ці што! Надвор’е брыдкае, ані ветру, ані марозу, дамы прадбачліва раскрылі парасоны, а капелюшы на галовах у мужчын маюць смешны і сумны выгляд. Я зноў іду на рынак, разглядаю зеляніну і ружы. Раптам хтосьці кладзе мне руку на плячо, і я азіраюся: гэта той, што мае мянушку Паненка, жадае мне добрага дня.

      – Добры дзянёк? – паўтарыў я, быццам пытаючыся і прагнучы як найхутчэй ад яго пазбавіцца. Я недалюбліваў Паненку.

      Ён з цікаўнасцю глядзіць на вялікі, ладны скрутак у мяне пад пахай і пытаецца:

      – Што СКАЧАТЬ