Голад (зборнік). Кнут Гамсун
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Голад (зборнік) - Кнут Гамсун страница 18

СКАЧАТЬ сінечай, наўкола з месца на месца пераляталі малюпасенькія птушкі. Крыху ўбаку хадзіў паліцыянт, апроч яго не было відаць аніводнае душы, і над усёю гаванню панавала маўчанне.

      І вось я зноў перабіраю свае багацці: зламаны сцізорык, ключы, але не знаходжу ніводнага эрэ. Раптам я хапаюся за кішэню і зноў выцягваю паперы. Гэта было неяк машынальна, несвядомы нервовы жэст. Я знаходжу чысты, не спісаны аркушык і – Бог ведае, чаму мне ў галаву прыйшла гэтая думка, – раблю скрутачак, акуратна загінаю краі, каб здавалася, быццам у ім нешта ёсць, і кідаю яго далёка на брук. Апісаўшы паўкола ў паветры, скрутачак падае на зямлю і застаецца нерухома ляжаць.

      Голад зрабіўся невыносным. Я глядзеў на белы скрутачак, раздзьмуты, нібы поўны срэбных манет, і мне самому пачынала здавацца, што ён зусім не пусты. Я цешыўся і спрабаваў адгадаць, колькі ж там грошай, – калі дакладна адгадаю, яны будуць мае! Я ўяўляў сабе маленькія, цудоўныя манеткі па дзесяць эрэ на самым дне скрутачка і самавітыя, чаканныя кроны зверху – цэлы скрутак, набіты грашыма! Я ўтаропіўся ў яго, і мне карцела падысці і падняць скрутак.

      Раптам я чую кашаль паліцыянта, – і чаму гэта мне тут жа прыходзіць у галаву кашлянуць таксама? Я падымаюся з лаўкі і кашляю: раблю гэта тры разы, каб ён пачуў. Калі ж ён наблізіцца, ён абавязкова кінецца падымаць скрутачак! Я быў усцешаны гэтым прыдуманым жартам, паціраў рукі ад захаплення і лаяўся да самазабыцця. Як жа ён, сабака, ашалее ад здзіўлення! Няхай трапіць у самую апраметную праз сваю зладзейскую выхадку! Ад голаду я нібы захмялеў, нават ладна ап’янеў.

      Праз колькі хвілін паліцыянт падыходзіць бліжэй, азіраючыся па баках; жалезныя падкоўкі на яго абцасах грукаюць па бруку. Ён не спяшаецца, у яго цэлая ноч наперадзе, ён заўважае скрутак, толькі падышоўшы зусім блізка. Але нарэшце ён спыняецца і глядзіць на паперку. А скрутак так панадліва бялее на бруку, мабыць, там кругленькая сума, га? Кругленькая сума срэбрам? І ён падымае папяровы скрутачак. Гм! Там нешта лёгкае, вельмі лёгкае. Можа быць, каштоўнае пяро для капелюша… Сваімі вялікімі рукамі ён асцярожна разгортвае скрутак і зазірае ў яго. А я рагачу, рагачу як вар’ят і пляскаю сабе па каленях. Але ніводнага гуку з майго горла не вырываецца: мой смех бязмоўны, ён падобны да прытоенага спазматычнага рыдання…

      Зноў чуецца грукат абцасаў па бруку, і паліцыянт ідзе далей па набярэжнай. Я сяджу са слязьмі ўваччу і задыхаюся ад ліхаманкавай весялосці. Потым я пачынаю размаўляць уголас, расказваю самому сабе пра скрутачак, перакрыўляючы беднага паліцыянта, я зазіраю сабе ў пустую жменю, зноў і зноў паўтараю сам сабе: «Ён кашлянуў, калі кінуў скрутачак! Кашлянуў, калі кінуў!» Крыху пазней я дадаю да гэтай фразы яшчэ некалькі вострых слоўцаў, перарабляю яе, і цяпер яна гучыць куды больш дасціпна: «Ён кашлянуў разок – кха-ха!»

      Гэтая слоўная гульня мяне знудзіла, яна доўжылася да позняга вечара, і ўрэшце мая весялосць сышла на нішто. Мною авалодаў санлівы спакой, надышла прыемная млосць, і я не супраціўляўся гэтаму. Змрок зрабіўся непраглядным, падзьмуў лёгкі ветрык, СКАЧАТЬ