Мой дзень пачынаецца (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов страница 10

СКАЧАТЬ з ім выпадкова, ён прыйшоў аднойчы пад канец працоўнага дня пачаставацца марозівам, пра якое ўсе вушы яму прагудзелі калегі. Я была стомленая, вельмі хацелася дадому, народу ўжо амаль не было, а тут ён! Падаўся мне нейкім страшным барадатым двухметровым дзядзькам, які забыўся на свой рост і час ад часу, пакуль я яму ўсміхалася і загаворвала зубы, чапляўся галавою аб дах палаткі. Яна прыйшлася яму не па росце.

      Зайшоў адзін раз, другі, трэці. Потым, як кажуць у народзе, праходу не даваў. Дык вось у той дзень гэты хлопчык (як выявілася, яму ўсяго 24 гады было) прынёс мне спачатку сваю куртку, бо мая так і не паспела высахнуць ад раніцы, а потым яшчэ вялізны кубак кавы, якую мне ўжываць нельга. І не таму, што кава шкодная.

      Я шчыра зайздрошчу тым людзям, якія могуць сабе яе дазволіць. Я – не магу. Мне даводзіцца выбіраць: спакой і зялёная гарбата (якую я таксама люблю) ці кава і сардэчны прыступ.

      Але тады мне было ўсё роўна, што можа здарыцца потым. Хацелася сагрэцца як мага хутчэй і – што крывіць душой? – адчуць на вуснах гэты спакуслівы смак. Я глытала гарачую каву, якая апякала мне вусны. І было балюча-балюча, але прыемна, горка і соладка. Салёна. Я маю дурную звычку кусаць вусны, калі баліць сэрца ці калі я аб нечым задумваюся. Яны амаль ніколі ў мяне не зажываюць. Часам гэта аддае мазахізмам.

      Дождж ліў як з вядра. Я сядзела пад пахмурным шэрым небам з кубкам кавы ў руках. У тую хвіліну так многа супярэчлівых думак адначасова праносілася ў маёй галаве: аб тым, што такія моманты абавязкова трэба дзяліць з кімсьці, і што адзінота ўсё-такі часам бывае лепш, калі ты адзін на адзін з дажджом і кавай разважаеш, дзе заканчваецца жыццё і пачынаецца смерць. Што зараз прамінае адзін з самых цудоўных момантаў жыцця, які больш ніколі не вернецца, і што вечнасці не існуе.

      Я рэдка ўспамінаю той дзень. Гэтак жа рэдка, напэўна, дастаюць старыя фотаздымкі, каб успаміны не сціраліся з памяці. Незвычайна тое, што нічога важнага для мяне тады не было, а ён стаў адным з самых запамінальных дзён майго жыцця. Унутры не сціхае хваляванне, быццам зараз я павінна спаткацца з далёкім сябрам, якога не бачыла шмат гадоў.

      Горад сустрэў мяне пахмурна і няветліва. Ужо на аўтобусным прыпынку я ўбачыла знаёмыя твары. Яны захоўваліся невядома дзе ў маёй памяці, я не ведала гэтых людзей, але дзесьці мы сутыкаліся, і яны пакінулі свой след у маіх успамінах. Гэта адна з галоўных адметнасцей маёй «маленькай Швейцарыі»: калі б ты сюды ні прыехаў, заўсёды табе будуць трапляцца на вочы знаёмыя абліччы, нават калі ты іх ніколі не ведаў. Па ўсіх вуліцах заўважныя то там, то тут аранжавыя камізэлькі прыбіральшчыц. Тыя ж самыя бабкі сядзяць на лаўках ля пад'ездаў і абмяркоўваюць адныя і тыя ж праблемы. Сярод людзей тут я заўсёды адчувала сябе, як рыба ў балтыйскіх кансервах. І вельмі рэдка гэты горад адгукаўся ў маіх успамінах пяшчотай і цеплынёй. Хутка скончыцца дзень. Сціхнуць успаміны. І пачнецца маё новае лета.

      Міхал Бараноўскі

      [1984 г. н.]

СКАЧАТЬ