Шалом. Артур Клінаў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Шалом - Артур Клінаў страница 11

СКАЧАТЬ эўра ды нейкая дробязь. «Добра, па дарозе нешта прыдумаецца». Узяўшы заплечнік, ён прыкінуў, што можна пакінуць тут, каб не абцяжарваць падарожжа непатрэбным грузам. У першую чаргу ён адклаў убок грувасткія каталёгі, што надарылі яму жаўнеры мастацтва падчас пленэру. Зь лёгкім сумам пагартаўшы, кінуў туды ж і альбом Франкі.

      – Пасьля іх хоць каталёгі застануцца, пасьля нас жа і гэтага ня будзе, – па-філязофску прамовіў Андрэ і рашуча выкінуў усё, што палічыў мала патрэбным у новым жыцьці. Прысеўшы на дарожку, ён пачакаў імгненьне і, сказаўшы: «З Богам!» – выйшаў на вуліцу.

      Егермайстар

      Бон выпраўляў Андрэ ў падарожжа да новага жыцьця цудоўнай сонечнай раніцай. Вуліцы ў ціхі нядзельны дзень былі пустынныя, таму ніхто не заўважыў, як нейкі дзіўны чалавек у залатым прускім шаломе і з заплечнікам за сьпінай бадзёра крочыў у напрамку прадмесьцяў. Толькі ўтульныя дамкі-куфэркі пазіралі на яго з глыбіні маленькіх садкоў, набрынялых водарам ружаў, хрызантэмаў і фіялак.

      – Бывай, Бон! Бывайце, мілыя куфэркі! Бывай, бацька Рэйн! Я яшчэ вярнуся на твае берагі! – пасылаў Андрэ прывітаньне ласкаваму дню.

      Ісьці было лёгка й радасна. Весялосьць перапаўняла яго, зьмешвалася з прахалодным паветрам восені й прасякала лёгкія адчуваньнем, забытым зь юнацтва. Тым, калі таямніца жыцьця бегла перад табою, зьнікала за паваротам, даляглядам, вабіла ў падарожжа. Падарожжа, якому, здавалася, ня будзе канца, якое абяцала дзіўныя адкрыцьці, спатканьні, прызы, пляны новых вандровак.

      З такім пачуцьцём Андрэ незаўважна для сябе выйшаў на гарадзкую ўскраіну. Тут ужо трэба было кагосьці лавіць, але машынаў амаль не траплялася. Зрэдку яны зьяўляліся, але, не спыняючыся, праляталі міма. Мінула больш за гадзіну. Надвор’е паціху пачало псавацца. Зграйка дробных хмарак схавала сонца. Здавалася, яшчэ крыху – і яны кінуць на зямлю жменьку капрызных восеньскіх кропель. Нарэшце поруч з Андрэ прытармазіў прыгожы белы пэжокабрыялет. Бакавое шкло апусьцілася, і з салёну зірнулі два цікаўныя вокі.

      – Табе куды?

      – Мне трэба ў Бэрлін. Ці хаця б кудысьці бліжэй да ўзыходу сонца.

      – Я еду ў Гановэр, гэта палова шляху да Бэрліну!

      Дзьверы адчыніліся, запрашаючы ўвайсьці. Андрэ паспрабаваў сесьці на пярэдняе сядзеньне, але сутыкнуўся зь непрыемнай праблемай. У шаломе ён не зьмяшчаўся ў аўтамабілі, дакладней, ня мог уладкавацца там як звычайны пасажыр. Шалом упіраўся ў скураны дах, таму галаву трэба было альбо пакласьці кіроўцу на плячо, альбо ўвогуле высунуць у вакно.

      – Ты ня мог бы яго зьняць? – крыху раздражнёна спытаў кіроўца.

      – Не!

      – Ты што, панк? – у голасе хлопца зьявілася нотка шкадаваньня, што ідыёцкая цікаўнасьць прымусіла яго тармазнуць перад гэтым тыпам.

      – Ды не, я мастак! А зьняць яго мне не дазваляе вера!

      – Ааа… Мастак! Добра, кладзіся!

      Хлопец адкінуў сядзеньне, расклаўшы дзіўнага госьця, і яны рушылі СКАЧАТЬ