Название: Казкі для дарослых (зборнік)
Автор: Адам Глобус
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-562-091-5
isbn:
Снежная баба і марозны дзень
Хлопец Бай зляпіў са снежных шароў сапраўдны замак з вежамі ды байніцамі. Бай пабудаваў у парку беласценны замак, каб дзятва гуляла там у снежкі. Калі Бай скончыў працу і любаваўся плёнам рук сваіх, да яго пад’ехала Снежная баба. Яна лісліва пахваліла Бая і прапанавала ў якасці ўзнагароды пакатацца на ейных санях. Толькі хлопец узлез на сані, толькі прысеў на мяккую падушку, як холад спаралізаваў ягонае цела. Магутны конь панёс сані з зямлі ды ў неба. Белы конь, скачучы па хмарах, прынёс сані ў далёка-далёкае ледзяное царства Снежнай бабы. Тая перасадзіла Бая на ледзяное крэсла і загадала яму складаць са снегу слова «бездань». Рукі ў Бая ледзь варушыліся. Чырвонымі, нягнуткімі, абмерзлымі пальцамі хлопец спрабаваў зляпіць са снегу літары, каб выкласці з іх магічнае слова. Мароз у царстве Снежнай бабы быў моцна-моцны, літары рассыпаліся, слова не атрымлівалася. Але Бай не пакідаў надзеі скласці слова, бо Снежная баба паабяцала за гэта – вызваленне. Пэўна, хлопец замёрз бы цалкам у марозным царстве вечнай зімы, каб не ягоная каханка Анжэла. Яна прачула пра бяду, што здарылася з яе любым, і выправілася ратаваць свайго Бая. Праўдамі і няпраўдамі Анжэла трапіла ў царства Снежнай бабы, знайшла каханка і нацягнула на яго цёплыя кальсоны. «Ты прынесла мне цёплыя споднікі!» – узрадаваўся Бай. «Я прынесла табе цёплыя споднікі!» – узрадавалася Анжэла ад таго, што яе любы ўзрадаваўся. Хлопец станцаваў рок-н-рол разам са сваёй выратавальніцай. Каб хутчэй вярнуцца дамоў, каханкам давялося скрасці ў Снежнай бабы яе белага каня. Конь, скачучы па аблоках, прывёз каханкаў у парк, дзе ў снежным замку дзеці гулялі ў снежкі. Неўзабаве Бай і Анжэла згулялі вяселле, пасля якога пражылі разам сто гадоў і адзін сонечны, кароткі, марозны дзень.
Як і Тык
Яку – якава, а Тыку – тыкава. Хіба ёсць сумневы? Ёсць! Бо Як лічыць найгалоўнейшым у рэчы якасць, а Тык у рэчы любіць функцыянальнасць. Як яскравы, а Тык тэхнічны. Сыдуцца Як з Тыкам і спрачаюцца. Спрэчка зазвычай пераходзіць у сварку, а тая часам і бойкай заканчваецца. СКАЧАТЬ