Название: Адваротны бок люстра
Автор: Ксенія Шталенкова
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Историческая фантастика
isbn: 978-985-021-66-56
isbn:
– Пане Міхалу, вы такі мужны і храбры! Вашай смеласцю і адвагай можна толькі захапляцца! – нахвальвалі юнака дзяўчаты.
– І як гэта толькі такі слаўны пан да гэтага часу не жаніўся? – адважылася спытаць адна з паненак.
Міхал трохі разгубіўся ад такога запытання – ён сарамліва ўсміхнуўся, яго шчокі ледзь паружавелі. «Бо навокал адны каракаціцы!» – ледзь не вырвалася ў Басі.
– Ну-у-у, – працягнуў юнак. – Часам надта цяжка абіраць, калі навокал такія прыгожыя панны.
Бася ледзь не задыхнулася: каб назваць іх красунямі, трэ было мець ці надта дрэнны зрок, ці ненармальны густ. Дзяўчынка схілялася да першага.
– А мабыць, пан ужо мае нявесту? – працягвалі допыт паненкі. – Напрыклад, пані Барбару, якая павалілася з каня?
Твар Міхала прыняў тужлівы выгляд: ён зусім не ведаў, як адказаць. Калі б ён сказаў «так», дык яму выпала б потым паразумецца з Басяй, калі «не», дык паненкі перайшлі б у атаку і яму трэ было б ад іх доўга і пакутліва адбівацца, а можа быць, і хавацца. Міхал вагаўся, а паненкі патлумачылі гэта па-свойму.
– Яна ж надта дзіўная, гэтая пані Барбара. Сапраўдная паненка так не трымае сябе. Яна занадта гучна размаўляе, перакручваючы шмат слоў, заўжды рагоча на ўвесь голас. Увогуле, трымаецца надта бесцырымонна. Нібы яна не паненка, а хлапчук нейкі. Сапраўдная паненка ніколі не будзе так рабіць, – сказала адна з дзяўчын, робячы націск на слове «сапраўдная».
Другая, асабліва хударлявая, вырашыўшы падтрымаць сяброўку, дадала:
– Вось-вось, вы яе бачылі? Ужо надта яна румяная і поўная. Шляхетная дзяўчына ніколі не будзе такой, высакародныя паненкі заўсёды вытанчаныя і бледныя! А гэтая – нібы сялянка нейкая… – яна не паспела скончыць, бо Міхал рэзка ўзняўся з-за стала.
– Прабачце, але я не магу дазволіць, каб у маёй прысутнасці так адклікаліся пра пані Барбару, – сказаў ён, пакланіўся ў бок княгіні Радзівіл і пайшоў.
Секунду паненкі знаходзіліся ў паўнюткай маўклівасці, але, як толькі Міхал знік з іх поля зроку, дружна закаціўшы вочкі і наставіўшы губу, заверашчалі, нібы зграйка раз’юшаных вавёрак. Княгіня Радзівіл неўразумела паглядзела ў іх бок і звярнулася да адной з паннаў, якая сядзела побач. Тая схілілася да яе і ўзялася нешта нашэптваць, пасля чаго яны пераглянуліся і ад шчырай душы зарагаталі. Бася незадаволена скасавурылася ў іх бок, падумаўшы, што рагочуць з яе Міхалачка. А потым з лёгкім здзіўленнем паўтарыла ў думках: «Мой Міхалачак». Увесь шлях да свайго пакоя дзяўчынка ішла з дураслівай усмешкай на твары, пяшчотна ўзгадваючы юнака.
Наступным ранкам сябры, нібы нічога не было, сустрэліся каля вазка лекара. Ніхто з іх нават не ўзгадаў пра сварку – Бася была як ніколі мілая і спагадлівая, а Міхал, які не чакаў такой ласкавасці, быў вельмі руплівы і ўважлівы. СКАЧАТЬ