Название: Дагератып
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежное фэнтези
isbn: 978-985-7165-11-7
isbn:
– Вы не дужа любіце людзей? – спытала-сцвердзіла Багута, вывучаючы смуглявы твар, занадта нервовы для мізантропа. Граф перавёў на адзіную ў кампаніі кабету спакойны позірк шэрых вачэй.
– Той, хто кажа, што любіць дарагое наша чалавецтва цалкам, ці ілгун, ці сам сабе тлуміць галаву. Любіць можна таго, каго ведаеш, і ў абмежаванай колькасці асобінаў. Я сустракаў людзей, вартых любові і павагі. Няшмат, але мне досыць. І асабліва не люблю тых, хто спрабуе згаданае чалавецтва перавыхаваць, перарабіць на свой густ і, зразумела, ашчаслівіць. Як сведчыць гісторыя, агульнае шчасце такія дабрадзеі заліваюць чалавецтву ў глотку гвалтам, як расплаўлены свінец, і эпоху доўга ванітуе крывёй.
– Вы не верыце, што можна выправіць сацыяльную несправядлівасць? – Ніхель перастаў ветла ўсміхацца, шкельцы ў ягоных акулярах нібыта пацямнелі.
– Ну чаму ж, веру, нават чарнаскурых рабоў вызвалілі ад рабства, – прагаварыў Каганецкі. – Але любая высакародная справа прыцягвае зашмат паразітаў, якія высмакчуць урэшце яе сутнасць. Вось, адзін з экспанатаў сямейнага музею…
Граф падышоў да шафы з чорнага разнога дрэва, падобнай да труны, адчыніў шуфляду, якая жаласна зарыпела, і дастаў бясформны срэбны злітак памерам з два кулакі. Нават археолаг Калоцкі не змог вызначыць, што гэта было.
– Мой дзед вучыўся ў Віленскім шляхецкім інстытуце, – змрочна пачаў апавядаць граф. – Ён, як і многія студэнты, увайшоў у таемнае таварыства філарэтаў. У нармальным грамадстве мэты такога ўтварэння былі б толькі ўхваленыя: прысвяціць жыццё асветніцтву народа, збіраць ягоны фальклор, набываць веды. Весці цвярозы лад жыцця… Але тыраны заўсёды лічаць, што няхай лепей малады чалавек будзе блытацца па тлумных вечарынках з віном, паскуднымі песенькамі і дурнымі гульнямі ў фанты, чым стане развітай асобай, якой не загадаеш думаць так альбо іначай. Сяброў таварыства выкрылі, быў ганебны працэс з неадпаведна жорсткім следствам і прысудамі. Сенатар Навасільцаў раздзімаў справу, як мог, ператварыў падлеткаў у вачах царскага двара ў нейкіх усемагутных монстраў, чым зрабіў сабе кар’еру. Усе юнакі трымаліся годна, і падчас доўгіх катаванняў, і на судзе… А іхнія каты і даносчыкі, адпаведна, павагай не карысталіся.
Каганецкі правёў пальцам па пашкоджаным носе – Багута падумала, што ён, напэўна, увесь час памятае пра сваё калецтва, – і працягваў:
СКАЧАТЬ