СКАЧАТЬ
каго задумалі гвалтам ператварыць у звера, і такія ж зачараваныя нажы, колькасцю ад пяці да дванаццаці, цераз якія ўжо самому ваўкалаку трэба перакульвацца, каб вярнуць чалавечае аблічча. Свісталі пазначаныя крыжам срэбныя кулі, разляталася на друз выбітае дужым звярыным целам вакно ў царкве – уздумалася ж камусь завалачы туды няшчаснага пярэваратня… Тут жа Давыд – ажно запалыя шчокі гарэлі румянкам – параўноўваў усё з замежнымі міфамі, напрыклад, што згодна сербскаму Намаканону па спісе1262 года «Влькодлаци лоуноу изедоше или слнце», што значыць, з’ядаюць месяц і сонца, а гэта дазваляе правесці паралель з салярным міфам і супаставіць ваўкалака як архетып з цмокам… У Старым Запавеце Іерэмія казаў пра “ваўка пустэльнага”, а Навухаданосар за грахі свае стаў напалову зверам. Адны з ікластых істотаў-двудушцаў мусілі заставацца ў скуры, пакуль не здымуць з іх праклён, іншыя пакрываліся поўсцю час ад часу. Было і мноства рэцэптаў, як пазнаць зачараванага. Зверам ён спрабуе падсмажыць мяса на вогнішчы, забытым пастухамі, возіць пысай па расістай траве – мыецца, тужліва вые на ўсход – моліцца, заўсёды самотны, а калі яго забіць і садраць скуру – пад ёй апынецца сатлелае чалавечае адзенне… Калі ж вяртаецца ў чалавечае аблічча, фізіяномія застаецца перакрыўленая, срэбра баіцца, пад поўню не выходзіць, і пах ад яго агідны… Яшчэ адна асаблівасць мясцовых ваўкалакаў – яны асабліва не любілі чужынцаў-нападнікаў. Прыйшлі шведы – ваўкалакі пагрызлі цэлы гарнізон. Татары лагер разбілі – таксама ноччу горлы ім параздзірала пачвара. Маскоўскае войска прыйшло да муроў мястэчка – маскоўцаў звер пагрыз. Французы заявіліся – таксама перапала ад ікластых… Давыд Масевіч тлумачыў тое архетыповай функцыяй татэму, абаронцы роду, якім у мясцовых неадменна з’яўляўся воўк, што пацверджваюць не толькі хронікі Герадота, але і некаторыя гербы мясцовай шляхты…
Карацей, як штурхнуў матавіла, дык да Вільні круціла.
Лес чорны, дарога гразкая, а там, дзе лес на нейкі час адступіў далей, і на змену гонкім соснам выкульгвалі скалечаныя, скурчаныя асіны, было яшчэ горш – балота. Шлях ператвараўся ў грэблю – па абодва бакі была дрыгва, над якой калісьці наслалі целы тых жа соснаў і прысыпалі зверху зямлёй. Па балатах Багуце ўвогуле ні разу не даводзілася вандраваць, за што яна была шчыра ўдзячная лёсу.
Дзякуй Богу, даехалі да Жухавіч засветла.
Таму што ў цемры было б яшчэ больш жудка… Глухі лес вакол, агароджа з ваўчынымі галовамі, якія шчэрацца з іржавых прэнтаў. У канцы прысадаў цямнее панскі дом з шэрага каменю, сіратліва свеціцца ўжо запалены самотны агеньчык ліхтара. Добра хоць, нехта з уладароў загадаў заміж соснаў пасадзіць уздоўж прысадаў ліпы – але гэтыя дрэвы, такія звычайна ветлыя, тут выглядалі, як згалелыя да рыззя старыя купчыхі. Яны ў адчаі цягнулі да неба рукі з лахманамі апошняй брунатнай восеньскай лістоты, якая ўжо і не памятае, што была залатой.
Калоцкі, які спраўляўся за фурмана, нацягнуў лейцы, утаропіўшыся з жахам і захапленнем
СКАЧАТЬ