Название: Пляменнік чараўніка
Автор: К. С. Льюіс
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Героическая фантастика
Серия: Добрая кніга
isbn: 978-985-6983-76-7
isbn:
– Каб вы толькі ведалі, – сказаў Дыгары, – як бы я хацеў быць дарослым, каб даць вам у нос!
Потым зашпіліўся, глыбока ўздыхнуў і ўзяў пярсцёнак. І падумаў (як заўсёды думаў і пазней), што іншага годнага выйсця не было.
Раздзел 3. Лес Паміж Сусветамі
Дзядзька Эндру і кабінет адразу ж зніклі. Потым на імгненне ўсё змяшалася. Пасля Дыгары ўсвядоміў мяккае зялёнае святло, якое тачылася зверху, і цемру ўнізе. Выглядала на тое, што ён ні на чым не стаяў, не сядзеў і не ляжаў. Ён ні да чаго не дакранаўся.
“Думаю, я ў вадзе, – сказаў сам сабе Дыгары. – Ці пад вадой”. На секунду гэтая думка спалохала яго, але амаль адразу ён адчуў, што хутка падымаецца наверх. Затым раптоўна вынырнуў і пачаў караскацца на роўны ўтравелы бераг.
Падняўшыся на ногі, ён заўважыў, што з яго не капае вада і ён не аддыхваецца, чаго варта было чакаць. Адзенне было сухое. Ён стаяў у лесе, на краі невялічкага азярка, не больш чым тры метры ад аднаго берага да іншага. Дрэвы раслі блізка адно да аднаго, і на іх было так шмат лістоты, што неба не праглядалася. Святло было зялёнае, бо праходзіла праз лісце, і сонца мусіла быць вельмі моцным, бо святло было яскравае і цёплае. Гэта быў самы ціхі лес, які толькі можна сабе ўявіць. У ім не было ані птушак, ані кузурак, ані жывёлаў, ані ветру. Здавалася, можна было пачуць, як растуць дрэвы. Азярко, з якога ён толькі што вынырнуў, было не адзінае. Навокал такіх былі дзясяткі: праз кожныя некалькі метраў – наколькі хапала зроку. Можна было амаль адчуць, як дрэвы п’юць ваду каранямі. Гэты лес быў жывы. Калі Дыгары спрабаваў апісаць тое месца пасля, ён заўсёды казаў: “Яно было насычанае, як слівавы пірог”.
Але самае дзіўнае было тое, што, нават як след не агледзеўшыся, хлопчык забыўся, чаму сюды трапіў. Прынамсі, ён дакладна не думаў ні пра Полі, ні пра дзядзьку Эндру, ні нават пра маму. Ён не адчуваў ні страху, ні хвалявання, ані цікавасці. Калі б у яго запыталіся: “Адкуль ты?” – ён напэўна сказаў бы: “Я заўсёды тут быў”. У гэтым месцы ты адчуваў бы сябе так, нібыта заўжды знаходзіўся тут і табе ніколі не было сумна, хаця тут ніколі нічога не адбывалася. Як казаў Дыгары значна пазней: “Гэта не тое месца, дзе нешта адбываецца. Дрэвы растуць, вось і ўсё”.
Пасля таго як Дыгары доўгі час глядзеў на лес, ён заўважыў дзяўчынку, што ляжала на спіне каля дрэва. Яе вочы былі прымружаныя, нібыта яна знаходзілася паміж сном і явай. Ён доўга моўчкі глядзеў на яе. Нарэшце дзяўчынка расплюшчыла вочы і нейкі час глядзела на Дыгары, таксама моўчкі. Потым яна прамовіла сонным і задаволеным голасам:
– Мне здаецца, я бачыла цябе раней.
– Мне таксама так здаецца, – зазначыў Дыгары. – Ты даўно тут?
– О, вечнасць, – сказала дзяўчынка. – Прынамсі, не ведаю, вельмі доўга.
– І я таксама, – адказаў Дыгары.
– Няпраўда, – сказала яна. – Я толькі што бачыла, як ты з’явіўся з таго возера.
– І СКАЧАТЬ